31 студзеня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святога Яна Боско — вялікага выхавацеля моладзі і заснавальніка Таварыства святога Францішка Сальскага, або супольнасці салезянаў, якія працягваюць яго справу па ўсім свеце, у тым ліку больш за сто гадоў таксама ў Беларусі.
Напярэдадні ўспаміну святога, у нядзелю 29 студзеня, салезіянская сям’я ў Бараўлянах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход) адзначыла ўрачыстасць у яго гонар.
Падрыхтоўка да свята распачалася загадзя: на працягу дзевяці дзён парафіяне маліліся навэннай да святога апостала моладзі.
У суботу 28 студзеня адбылося адмысловае набажэнства «Транзітус» — гэта значыць пераход душы святога Яна Боско ад зямнога жыцця да Нябеснага Валадарства. Падчас гэтага набажэнства вернікі маліліся і разважалі над апошнімі момантамі жыцця святога.
У нядзялю адбылася святочная Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. У прамоўленай гаміліі святар адзначыў, што ў сённяшнім свеце вельмі папулярныя розныя спецыялісты ў шматлікіх галінах. «Так і ксёндз Боско быў спецыялістам у выхаванні моладзі, а таксама спецыялістам у планаванні свайго часу.
Ксёндз Боско разумеў, што час — гэта вялікі дар, і ўмеў так ім карыстацца, каб паспяваць рабіць многія рэчы і рабіць іх добра», — заўважыў ксёндз Павел.
Паводле настаяцеля, у ксяндза Боско таксама трэба павучыцца быць сучасным, бо ён заўсёды карыстаўся перадавымі тэхналогіямі свайго часу дзеля збаўлення маладога чалавека. Святар адзначыў, што святы заснавальнік салезянскага таварыства умеў папярэджваць сваіх выхаванцаў ад памылак, ствараючы такія ўмовы, каб усцерагчы іх ад граху. У заснаваным ім араторыі дзейнічалі адпаведныя правілы і была вялікая загружанасць, што спрыяла гарманічнаму ўзрастанню маладога чалавека.
Яшчэ адна рэч, якой, на думку святара, варта вучыцца ў ксяндза Боско, — гэта радасць, бо ён быў вельмі жыццярадасным чалавекам. Гэтая радасць вынікала з усведамлення таго, што ён добра выконвае свае абавязкі.
«Падводзячы вынік, хочацца адзначыць, што ксёндз Боско, займаючыся хлопцамі і вучачы іх мудра карыстацца часам, вучыў іх перш за ўсё слухаць Бога.
Хлопцы ў араторыі ўмелі слухаць Бога, а не толькі свае інстынкты, запатрабаванні часу. Яны вучыліся слухаць Бога і сваё сэрца: гэтаму вучыў ксёндз Боско», — падкрэсліў ксёндз настаяцель Павел Шчарбіцкі.
Важным момантам падчас святой Імшы стала аднаўленне абяцанняў салезіянамі супрацоўнікамі — прадстаўнікамі свецкай галіны салезіянскай сям’і, якую заснаваў святы Ян Боско.
Пасля завяршэння Эўхарыстыі ўсе прысутныя былі запрошаны на святочную праграму ў араторый, які дзейнічае пры парафіі ў Бараўлянах. У праграме былі спевы, сцэнкі, танцы; панавала атмасфера сямейнага свята ў салезіянскім стылі. Павіншавала моладзь са святам і сваіх святароў: ксяндзоў Віктара Гайдукевіча SDB, Паўла Шчарбіцкага SDB, пробашча бараўлянскай парафіі Казіміра Шыдэлку SDB, а таксама сястру Дар’ю Еўтухоўскую FMA.
Напрыканцы праграмы традыцыйнае «слоўка» да сабраных прамовіў ксёндз Казімір Шыдэлка. Святар разважаў над дэвізам салезіянскай сям’і на гэты год, які падкрэслівае асаблівую ролю свецкіх вернікаў: «Быць закваскай у сучаснай чалавечай сям’і». Пробашч падкрэсліў, што кожны хрысціянін павінен несці адказнасць за супольную справу Касцёла.
«Мы павінны ўзрастаць у сваёй веры і дзяліцца ёю з іншымі: такім чынам будзе пашырацца і парафія, і Божае Валадарства на зямлі», — дадаў ксёндз Казімір.
Завяршылася свята супольнай малітвай і салодкім сталом.