Пошук

25.01.2023 08:08   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У суботу 21 студзеня копіі найбольш шанаваных у Беларусі цудадзейных абразоў Маці Божай у межах перэгрынацыі па парафіях нашай краіны былі дастаўленыя ў старадаўні касцёл Божага Цела ў Нясвіжы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Перэгрынацыя распачалася тут падчас Тыдня малітваў аб адзінстве хрысцяінаў і напярэдадні ўстаноўленай Папам Францішкам Нядзелі Божага слова.

Абразы прыбылі ў Нясвіж з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ва Уздзе, дзе тыднем раней Божую Маці ўшаноўвалі мясцовыя вернікі.

Копіі цудатворных Марыйных ікон прабудуць у нясвіжскім касцёле два тыдні.

На працягу гэтага часу штодня падчас набажэнстваў будзе адбывацца асаблівае духоўнае знаёмства з кожнай з выяваў Багародзіцы, якіх цяпер чатырнаццаць.

Копіі абразоў у старадаўнюю святыню ў працэсіі ўнеслі нясвіжскія вернікі. На чале з духоўным кіраўніком перэгрынацыі ксяндзом Станіславам Станеўскім CSsR ушанаваць Божую Маці прыбылі пілігрымы з Мінска.

Вітаючы ў святыні пілігрымаў і Маці Божую ў Яе цудадзейных абразах, пробашч парафіі ксёндз канонік Пётр Шарко, дэкан Нясвіжскі, зазначыў, што ў гэтых копіях мы можам пазнаць тыя месцы, якія Марыя выбрала для Яе асаблівага культу.

«Кожны з нас сёння прышоў, каб маліцца і прасіць у Маці Божай асаблівага заступніцтва. Верым, што Яна пакажа кожнаму шлях да збаўлення», — сказаў святар.

У дзень сустрэчы копій абразоў у Нясвіжы адзначаўся ўспамін святой Агнешкі, панны і мучаніцы, якая ў маладым узросце аддала сваё жыццё, каб захаваць вернасць Богу.

У прамоўленай гаміліі ксёндз Станіслаў звярнуў увагу на тое, што кожная ікона — гэта сустрэча Маці Божай з чалавекам. «Найсвяцейшая Маці запрашае нас сёння да таго, каб мы прынялі Божае Слова і жылі ім. Заахвочваю вас увесь гэты час прыходзіць да Яе. Няхай гэта будзе час Божай ласкі, якую Марыя будзе выпрошваць для вас у Езуса Хрыста», — дадаў духоўны кіраўнік перэгрынацыі.

Напрыканцы Імшы перад іконамі Багародзіцы была прамоўлена Літанія да Маці Божай. У гэтай малітве прысутныя прасілі аб адзінстве хрысціянаў, аб еднасці паміж людзьмі і ў сем’ях.

«Часта ў нашых сем’ях захоўваюцца і каталіцкая, і праваслаўная традыцыя. Няхай жа Маці Божая ў цудадзейных выявах яднае нас у адну сям’ю дзяцей Божых», — сказаў ксёндз Пётр Шарко.

Гісторыяй стварэння копій Марыйных абразоў з вернікамі нясвіжскай парафіі падзялілася мастачка з Маладзечна Ядзвіга Сянько.

4 лютага а 10-й гадзіне ў нясвіжскім касцёле Божага Цела будзе цэлебравацца святая Імша падзякі, пасля чаго копіі цудадзейных абразоў скіруюцца ў парафію святых апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця