У межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які традыцыйна штогод адбываецца з 18 па 25 студзеня, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сабраліся на малітве ў капліцы гэтай навучальнай установы.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, будучыя святары і іх выхаваўцы памаліліся ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў.
Для семінарыстаў, якія праходзяць фармацыю і рыхтуюцца да прыняцця пасвячэння, гэтая малітва была асаблівай магчымасцю звярнуцца да Бога з просьбай, каб усе хрысціяне як вучні Езуса былі адным, каб паміж імі не было нязгоды і падзелаў.
Таксама яны маліліся аб тым, каб усе хрысціяне былі сведкамі вернасці Езусу, які ёсць Любоў і Праўда.
Тэмай сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысцяінаў сталі словы з кнігі прарока Ісаі: «Рабіце дабро, шукайце справядлівасці» (Іс 1, 17). Выбар тэмы і падрыхтоўку матэрыялаў ажыццявіла група хрысціянаў са Злучаных Штатаў Амерыкі.