Пошук

12.01.2023 14:39   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Баляслаў Гавецкі / Grodnensis.by

7 студзеня ў доме Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Гродне адзначыла юбілей 50-годдзя манаскага жыцця сястра Тэрэза Касінская.

Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

30 студзеня 1973 года сённяшняя юбілярка, якая на хросце атрымала імя Сабіна, адказала Богу «так» на Ягоны заклік, папрасіўшы прыняць яе ў супольнасць сясцёр назарэтанак, дзе ёй было дадзена манаскае імя Тэрэза.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на ўрачыстай Імшы падзякі за 50 гадоў, якія яна правяла ў манастве, сабраліся святары, сёстры назарэтанкі, родныя сястры Тэрэзы. Усе яны разам дзякавалі за згоду, якой яна адказала Богу, свядома і дабравольна абраўшы цудоўны, хоць адначасова цяжкі і патрабавальны шлях наследвання Хрыста праз жыццё паводле евангельскіх парад.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

У прамоўленай гаміліі біскуп Кашкевіч назваў яскравым знакам тое, што гэты юбілей святкуецца ў літургічны перыяд Нараджэння Пана: час вельмі блізкі і дарагі кожнай назарэтанцы, бо непасрэдна звязаны з духоўнасцю і харызмай іх супольнасці.

«У гэтыя дні мы прабываем думкамі і сэрцамі са Святой Сям’ёй з Назарэта, дзе, схаваны ад свету, але пад чуйным вокам Марыі і Юзафа, у атмасферы, насычанай цеплынёй узаемнай любові, дабрыні, ахвярнасці і адданасці, узрастае Сын Божы Езус Хрыстус», — заўважыў іерарх.

Пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі сцвердзіў, што на жыццёвым шляху сястры Тэрэзы не было недахопу ў дарах Божай ласкі. Несумненна, вялікай ласкай, па словах біскупа, было і яе асабістае знаёмства ў дзяцінстве з благаслаўлёнымі наазарэтанкамі-мучаніцамі з Навагрудка.

«Іх працавітасць, гаспадарлівасць, пабожнасць, сціпласць, а таксама лагодная дабрыня і любоў да дзяцей, якімі яны апекаваліся, безумоўна, пакінулі добры след у памяці і сэрцы сястры», — адзначыў біскуп.

Ён дадаў, што яшчэ адной вялікай вялікай ласкай і адначасова нагодай да ўзрастання ў святасці і набыцця ўпэўненасці ў пакліканні было шматгадовае сяброўства сястры Тэрэзы з сястрой Малгажатай Банась, адзінай з навагрудскіх назарэтанак, якая засталася ў жывых пасля мучаніцкай смерці сястры Стэлы і яе паплечніц.

Вялікім дарам Божага Провіду біскуп назваў прысутнасць і працу ў Навагрудку знакамітага і годнага душпастыра, ксяндза Войцеха Навачыка ОМІ, якому сястра Тэрэза верна і аддана служыла шмат гадоў, ажно да яго смерці.

Іерарх дадаў, што ў гэты дзень з сястрой Тэрэзай і ўсімі ўдзельнікамі літургіі яднаецца ў малітве падзякі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, якому юбілярка таксама служыла з вялікай адданасцю і руплівасцю: як напачатку, калі ён быў пробашчам у Навагрудку, так і потым, калі стаў біскупам у Гродне і Пінску.

Пастыр дыяцэзіі нагадаў, што і сёння, нягледзячы на складанасці, звязаныя з узростам і станам здароўя, сястра Тэрэза працягвае служыць Касцёлу і сваёй кангрэгацыі праз малітву, сведчанне веры і любові.

«Мы дзякуем Богу за асабісты прыклад, які юбілярка дае сваім паплечніцам», — сказаў біскуп Аляксандр Кашкевіч, дадаўшы, што гэта цудоўны прыклад пакоры, духоўнай згоды, цярплівасці ва ўсе складаныя хвіліны, вялікага даверу Пану.

На заканчэнне Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, са свайго боку, пажадаў сястры Тэрэзе Божага благаслаўлення на кожны дзень, апекі Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Юзафа, добрага здароўя, фізічных і духоўных сіл, усіх ласкаў, якія найбольш патрэбныя ёй.

Абноўлена 12.01.2023 14:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.