Пошук

11.01.2023 15:17   Паводле: Jan.by / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

8 студзеня, у свята Хросту Пана, у сталічным касцёле Маці Божай Будслаўскай адбылася аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў 30-й пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў.

Як паведамляецца на сайце парафіі святога Яна Евангеліста і святога Макісмільяна Кольбэ ў Мінску Jan.by, пілігрымаў гасцінна сустрэў у святыні ксёндз канонік Францішак Рудзь, пробашч мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай, які нядаўна адзначыў свой 50-гадовы юбілей. У прывітальным слове святар адзначыў:

«Сімвалічна, што на аплаткавую сустрэчу пілігрымы сабраліся ў „кавалачку Будслава“ ў Мінску — у касцёле Маці Божай Будслаўскай».

Пасля супольнай малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці распачалася святая Імша ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў пілігрымкі, дабрачынцаў і ахвярадаўцаў. Цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх падзякаваў Богу за магчымасць сабрацца, ксяндзам з законніцкай супольнасці хрыстусоўцаў — за арганізацыю пілігрымкі і ініцыятыву аплаткавай сустрэчы.

«Гэта вельмі добра, што мы не абмяжоўваемся аднаразовай сустрэчай у пілігрымцы, але калі мы падтрымліваем кантакты, адносіны. Прайшло ўжо паўгады, і мы можам нават падзяліцца сваімі ўражаннямі з перспектывы часу: як прайшла для мяне пілігрымка, якія плёны ёсць у маім жыцці?» — адзначыў біскуп Касабуцкі.

Завяршылася малітоўная частка сустрэчы спевам «Каралева супакою», які стаў гімнам пілігрымкі 2022 года. Пілігрымы, як і ўлетку, сабраўшыся ў кола, разам праслаўлялі Божую Маці.

Другая частка святкавання адбывалася ў дольным касцёле. Біскуп Касабуцкі благаславіў аплаткі, пасля чаго пілігрымы дзяліліся імі, віншавалі адзін аднаго са святамі і абменьваліся добрымі пажаданнямі. Гурт Jolly Green стварыў святочную атмасферу, спяваючы калядкі розных краін свету. Потым усе разам паглядзелі фільм, у якім былі сабраныя ўспаміны з пілігрымкі.

Напрыканцы сустрэчы біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў пілігрымаў і пажадаў зноў прайсці да Маці Божай у гэтым годзе.

 

Абноўлена 11.01.2023 16:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.