Пошук


«Якім чынам Царква або Касцёл могуць паспрыяць у развіцці сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Беларусі?» — з такім пытаннем карэспандэнт Catholic.by выправілася на форум «Прадпрымальніцкая актыўнасць і сацыяльная адказнасць прыватнага бізнесу беларускай вёскі».

Форум прайшоў 10 жніўня пры саўдзеле РА «Моладзевай місіі «Чыстае сэрца».

Мадэратарамі мерапрыемства выступілі Міжканфесійная місія «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне», дырэктарам якога з’яўляецца Мікалай Матрунчык, а таксама кансалтынгавая ўстанова «Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу» на чале з Галінай Мацюшэнка. Сярод запрошаных спікераў былі прадстаўнікі пасольстваў Польшчы і Чэхіі.

Намеснік пасла Рэспублікі Польшча ў Беларусі Міхал Хабрас

«Супрацоўнікі Царквы і Касцёла найбольш набліжаны да праблемаў вёскі, таму яны таксама прысутныя на гэтым форуме», — адзначыў Мікалай Матрунчык, распачынаючы форум.

Сапраўды, вельмі часта бывае, што святар — гэта тая асоба, якая найбольш ведае праблемы і патрэбы кожнай сям’і. Асабліва гэта тычыцца вёсак, бо ў больш буйным горадзе часцей за ўсё святар усё ж не можа так дакладна ведаць патрэбы кожнай сям’і.

Здараецца, што ў вёсцы альбо вёсках, якія ўваходзяць у прыход ці парафію, Касцёл або Царква з’яўляюцца адзінымі моцнымі цэнтрамі ці асяродкамі культуры, адукацыі або выхавання, пэўнай грамадскай заангажаванасці і актыўнасці.

Ведаючы пра праблемы і магчымасці або адсутнасць магчымасцяў для вырашэння праблем, якраз-такі святар можа паспрыяць таму, каб падказаць, праінфармаваць або нават стаць арганізатарам пэўнай дзейнасці, якая б паспрыяла канкрэтнай сям’і або большай колькасці насельніцтва, і не толькі ў духоўным, але і ў эканамічным плане.

Часам духоўныя праблемы вынікаюць з эканамічных, часам адбываецца наадварот.

Сучасную беларускую вёску патрэбна «рэанімаваць», як адзначыў Мікалай Матрунчык, нягледзячы на тое, што многія лічаць, што «мёртвае рэанімаваць ужо немагчыма». Аднак, дадаў выступоўца, «хрысціяне вераць ва ўваскрасенне Лазара».

Беларускае святарства, якое працуе на вёсках, можа паспрыяць гэтаму, і ўжо маюцца прыклады такога спрыяння.

Што такое сацыяльнае прадпрымальніцтва?

«Прадпрымальніцтва, скіраванае на прынясенне не толькі даходаў прадпрымальніку, але і сацыяльнай карысці грамадству, з’яўляецца сацыяльным прадпрымальніцтвам», — так гучыць адно з найпрасцейшых тлумачэнняў гэтага паняцця, дзейнасць паводле чаго спрабуе заняць сваю нішу і ў беларускім грамадстве.

Наколькі паспяховы гэты працэс? Прывядзем крыху лічбаў і прыкладаў тых людзей, якія гэтым непасрэдна займаюцца. Некаторыя з іх якраз прэзентавалі сваю дзейнасць падчас форуму.

«Каля 184 прадпрыемстваў можна лічыць у нашай краіне сацыяльнымі прадпрымальніцтвамі», — такія даныя агучыў Максім Падбярэзкін, каардынатар праграмы «Дом узаемадапамогі» ОДБ Брусэль, магістр эканамічных навук.

Напрыклад, праект сацыяльнай майстэрні «Нашы майстры», які ў лютым 2016 года распачаў сваю дзейнасць у Смалявічах.


Яго прэзентаваў заснавальнік Уладзіслаў Каўроў, які займаецца гэтым праектам разам з жонкай.

У арэндаваным будынку была арганізавана майстэрня па вырабе гіпсавых скульптур (усяго каля 200 розных відаў). На сёння майстэрня стала месцам працы для шасці чалавек. Гэтыя майстры — людзі, якія ў мінулым не маглі справіцца з алкагольнай залежнасцю. Дзякуючы працы ў майстэрні, дзе яны афіцыйна працаўладкаваны і атрымліваюць заробак, гэтыя мужчыны і жанчыны праходзяць своеасаблівую рэабілітацыю.

«Гэтыя людзі не будуць працаваць у нас заўсёды, — кажа Уладзіслаў Каўроў, — прыкладна год, пасля чаго ім трэба будзе знайсці працу».

Такая майстэрня — своеасаблівы шанс для людзей, якія аказаліся «на дне», шанс, каб зноў вярнуцца да нармальнага жыцця ў соцыуме.

Тая ж прадукцыя, якую яны вырабляюць, ідзе на продаж, сродкі з чаго павінны пайсці ім на выплату заробкаў, аплату арэнды і закупку сыравіны. З рэалізацыяй прадукцыі часамі ўзнікаюць цяжкасці, а ад гэтага залежыць працяг існавання такога прадпрымальніцтва, якое для пачатку сваёй дзейнасці атрымала першапачатковыя фінансавыя сродкі ад спецыяльнай праграмы ЕС, а зараз – са жніўня гэтага года — выходзіць на самафінансаванне.

Магчыма, развіццё сацыяльнага прадпрымальніцтва ў беларускай вёсцы паспрыяла б рашэнню адразу дзвюх праблем: эканамічнай і маральнай.

«Сацыяльнае прадпрымальніцтва ў вёсцы толькі для дабрачыннасці не з’яўляецца правільным, яно павінна сябе фінансаваць, каб ужо потым выконваць сваю сацыяльную функцыю», — лічаць арганізатары форуму.

У вёсцы, якая сутыкнулася з вялікай праблемай розных залежнасцяў, асаблівым чынам алкагольнай, сацыяльнае прадпрымальніцтва можа змяніць сітуацыю, даць стымул і імкненне да развіцця, паказаць перспектывы.

«Канешне, асабістая справа ў вёсцы — калі не пазбаўленне ад залежнасцяў, то добрая іх прафілактыка», — адзначыла Таісія Ялецкіх, кіраўнік праекта ПРААН, эксперт у галіне карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці.

«У нашай вёсцы пануе не найпрыгажэйшая сітуацыя, але ёсць як ёсць. Аднак вёска — таксама наша справа, — адзначыў кс. Юрый Санько, дырэктар «Моладзевай місіі “Чыстае сэрца”».


«Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква павінны з ахвярнасцю ўключыцца ў гэтую справу, даючы іншым прыклад гарманічнага развіцця і ў бізнесе», — падкрэсліў святар, дадаючы, што місія “Чыстае сэрца” працуе з моладдзю, якой таксама хоча паказаць, што перспектывы развіцця могуць быць і на вёсцы.

Напрыканцы форуму адбылася прэзентацыя не толькі арганізацый, але і сельскіх прадпрымальнікаў, што былі слухачамі і ўдзельнікамі форуму, а, магчыма, «патэнцыйнымі сацыяльнымі прадпрымальнікамі». Сельскія прадпрымальнікі прэзентавалі мёд і іншую пчаліную прадукцыю, прадукты з малака коз і дурніцы.


 Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.