
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 20 жніўня ў Ватыкане, Папа Леў XIV заклікаў правесці ў бліжэйшую пятніцу Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ў свеце.
Як падае Беларуская рэдакцыя партала Vatican News, Папа нагадаў, што 22 жніўня ў Касцёле будзе адзначацца літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы. Ён заклікаў «усіх вернікаў правесці гэты дзень у посце і малітве, просячы Пана, каб Ён падарыў нам мір і справядлівасць і каб ацёр слёзы тых, хто пакутуе з прычыны ўзброеных канфліктаў, якія трываюць».
Святы Айцец падкрэсліў, што «ў той час, калі наша зямля працягвае пакутаваць ад войнаў», трэба звярнуцца да Панны Марыі, якая з’яўляецца Маці ўсіх вернікаў на зямлі і ўшаноўваецца як Каралева супакою.
А ў пасланні да ўдзельнікаў 46-й Сустрэчы сяброўства паміж народамі, якая пройдзе з 22 па 27 жніўня, Пантыфік адзначыў:
«Мір — гэта не духоўная ўтопія, а шлях пакоры, які складаецца са штодзённых жэстаў, дзе пераплятаюцца цярплівасць і мужнасць, уменне слухаць і дзейнічаць. І сёння, як ніколі, ён патрабуе нашай уважлівай і крэатыўнай прысутнасці».






