Пошук

27.12.2022 17:37   кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

У Бялынічах, што на Магілёўшчыне, у мясцовай парафіі ўжо стала звычаем святкаваць Божае Нараджэнне разам, збіраючыся на супольную імпрэзу цэлымі сем’ямі.

Сёлетняе святкаванне, як заўсёды, распачалося цэлебрацыяй святой Імшы ў інтэнцыі сем’яў бялыніцкай парафіяльнай супольнасці і ўсіх тых, хто пілігрымуе да Каралевы Беларусі.

Другая частка Каляднай сустрэчы адбылася ў кафэ і мела адукацыйна-забаўляльны характар. Сюды былі запрошаны не толькі каталіцкія сем’і, але і ўсе ахвотныя з горада і ваколіц.

У гэтым годзе былі запрошаны на свята таксама дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Колькасць удзельнікаў сёлета склала 77 чалавек, не лічачы бацькоў і дзядуляў з бабулямі.

Напачатку дарослыя парафіяне прадставілі спектакль пра Божае Нараджэнне паводле вершаванай батлейкі беларускай паэткі Дануты Бічэль. Пастаноўка была, між іншым, прысвечана 85-годдзю з дня нараджэння аўтаркі.

Аніматары мерапрыемства, сям’я Андрэя і Анастасіі Жукоўскіх з Бялынічаў, правялі дзяцей па «мапе выпрабаванняў». Мэтай удзельнікаў было, пераадолешўы ўсе перашкоды, знайсці святога Мікалая з падарункамі. Гульні былі скіраваныя на інтэграцыю дзяцей паміж сабою.

Усе прысутныя дзеці атрымалі падарункі, а тыя з іх, якія ўдзельнічаюць у парафіяльнай катэхэзе і ў літургічнай службе алтара, былі адзначаны асабліва.

Арганізатары калядных мерапрыемстваў у Бялынічах выказваюць шчырую падзяку ўсім ахвярадаўцам парафіі, а таксама запрашаюць ахвотных у пілігрымку да Бялыніцкай Багародзіцы.

 

Абноўлена 27.12.2022 22:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця