Увечары 24 снежня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы Пастэркі ў парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску, дзе нясуць душпастырскае служэнне браты капуцыны.
Урачыстая літургія распачалася ў прыцемку святыні спевам Абвяшчэння Нараджэння Пана. Потым фігурка Немаўлятка Езуса была ў працэсіі перанесена ў яслі побач з касцёлам. Пасля іх благаслаўлення адбыўся святочны салют.
На свята касцёл, нядаўна пабудаваны ў новым сталічным мікрараёне Новай Баравой, быў перапоўнены вернікамі. Звяртаючыся да іх у гаміліі, арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў праўду нашай веры аб тым, што «Нараджэнне Хрыстова — гэта ініцыятыва Бога, з якой Ён сам выходзіць насустрач грэшнаму чалавецтву».
«Усведамленне таго, што Бог паслаў у свет свайго Адзінароднага Сына дзеля нашага збаўлення, вельмі патрэбнае падчас цяжкіх дасведчанняў, якія перажывае сучасны свет.
У святле праўды Богаўцелаўлення мы не адны з нашымі праблемамі: з намі Бог, а калі Ён з намі, то хто супраць нас, як кажа святы апостал Павел», — падкрэсліў заслужаны іерарх.
Ён заахвоціў вернікаў не паддавацца згубным уплывам зла і «звярнуцца да акіяну бязмежнай Божай міласэрнасці, што вельмі важна ў сітуацыі як нашай Айчыны, так і ўсяго свету».
«Ён падзелены непаразуменнямі, узаемнымі абвінавачваннямі, адсутнасцю духа пакаяння і ўзаемнага прабачэння, культуры пашаны ў міжчалавечых адносінах і неадпаведным разуменнем свабоды, што вядзе да ігнаравання маральных каштоўнасцяў.
Нашае асабістае, сямейнае і грамадскае жыццё патрабуе людзей добрай волі, якія шукаюць згоды і гатовыя да дыялогу ў праўдзе, што, паводле словаў Езуса Хрыста, зробіць нас свабоднымі. Мы павінны каяцца ў сваіх грахах, прабачаць вінаватым і любіць бліжняга. Адначасова маем права на абарону праўдаў веры і заснаванага на ёй светапогляду», — адзначыў арцыпастыр, дадаўшы, што «праўда Богаўцелаўлення заклікае нас з удзячнасцю прыняць гэты нябесны дар Божай любові і дзяліцца ім з іншымі».
«У змроку розных сучасных праблем з Бэтлеема прабіваецца святло Хрыста, які прыходзіць асвятліць кожнага чалавека і дапамагчы яму вырашыць яго праблемы. Трэба памятаць аб тым, што цемра не асветліць цемры: гэта можа зрабіць толькі святло. Таму мы не можам быць народам без святла веры, надзеі і любові; не можам быць народам без маральнага фундаменту. Не на секулярных каштоўнасцях, але на падмурку нязменных этычных прынцыпаў мы павінны будаваць нашае жыццё», — сцвердзіў іерарх.
Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў пажаданнем, «каб дух узаемнай любові і прабачэння, міру і дабра спадарожнічаў нам на святы Божага Нараджэння і ў надыходзячым Новым, 2023 годзе».