Пошук

23.12.2022 11:25   Тэкст і фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

21 снежня ў полацкім касцёле святога Андрэя Баболі на святочную сустрэчу з дзяленнем аплаткай сабраліся святары і сёстры законныя з парафій Віцебскай дыяцэзіі на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, перадсвяточная сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб распачалася з малітвы ў цішыні перад Езусам Эўхарыстычным, падчас якога многія скарысталі з магчымасці споведзі.

Прамаўляючы Божае слова, біскуп Буткевіч разважаў над асобай святога Юзафа і яго роляй у жыцці сучаснага святара.

«Святы Юзаф служыць прыкладам глыбокай малітвы і ўнутранага засяроджання. Папа Францішак, кажучы пра заслугі святога, падкрэслівае, што ён патрапіў кожную цяжкую сітуацыю, нават крытычную, ператварыць сабе ў шанц. Не ў нейкую трагедыю ці расчараванне ў сваім жыцці, а ў шанц. Кожная цяжкая сітуацыя, калі пазітыўна вырашаецца, становіцца шанцам для чалавека. А гэта становіцца магчымым дзякуючы паслухмянасці Божаму слову, якое тлумачыць сэнс таго, што адбываецца і паказвае дарогу, на якой выконваць гэтае заданне; слова, якое наводзіць парадак у жыцці, дапамагае не трапіць у хаос у незразумелай сітуацыі.

Праз паслухмянасць Божаму слову святы Юзаф з’яўляецца нашым прыкладам у жыцці і святарскай паслузе», — падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч.

Пасля святой Імшы прысутныя разгледзелі надзённыя пытанні жыцця Касцёла ў дыяцэзіі.

Духоўны айцец святароў дыяцэзіі ксёндз Валерый Марціноўскі у аскетычнай канферэнцыі засяродзіў увагу прысутных на тэме духоўнасці дзіцяці ў наш час.

Святар прывёў некалькі прыкладаў параўнання «Божага дзяцінства» і інфантыльнасці ў сучасным чалавеку.

Важным момантам сустрэчы стала супольное дзяленне аплаткамі, падчас якога кожны мог асабіста выказаць іншаму віншаванні і шчырыя святочныя пажаданні.

 

Абноўлена 23.12.2022 11:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця