19 снежня ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, адбылася чацвёртая сустрэча ў межах праекту, скіраванага на ўзмацненне асабістых кампетэнцый кансэкраваных асоб.
З увагі на тое, што сустрэча адбывалася ў перыяд Адвэнту, яна была падзелена на дзве часткі: працоўную і святочную.
У межах першай часткі на навучальным занятку па курсе «Стратэгічнага кіравання манаскай супольнасцю», які для сабраных правёў кандыдат эканамічных навук, распрацоўшчык сістэм стратэгічнага і аперацыйнага мэнэджмэнту Андрэй Каралёў, удзельнікі навучальнай праграмы працягнулі працу ў камандах над кампанентамі стратэгіі.
Гэтым разам яны разгледзелі некаторыя асаблівасці фармавання і фармулявання місіі, бачання, каштоўнасцяў і стратэгічных мэт манаскіх ордэнаў і супольнасцяў. Абмеркавалі ў камандах вынікі выканання дамашняга задання.
Пасля сястра Вікторыя Чэкан, магістр педагогікі і псіхалогіі, медыцынскі псіхолаг, нейрапсіхолаг, спецыяліст у галіне падрыхтоўкі адказных за фармацыю да святарскага і манаскага жыцця, правяла трэці семінар у межах першага модуля, які быў прысвечаны некаторым аспектам афектыўна-сэксуальнай сталасці і яе ролі ў манаскім жыцці. Адзін з найважнейшых тэзісаў семінара заключаецца ва ўсведамленні таго, што сэксуальнасць набывае сапраўды чалавечую якасць толькі тады, калі яна арыентавана на каханне, гэта значыць узрастае і рэалізуецца ў свабодзе прымаць і аддаваць сябе ў каханні.
Пасля завяршэння працоўнай часткі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Павел Лемех ОМІ.
Святар у прамоўленай гаміліі засяродзіўся на тым, што Божае Нараджэнне — гэта час для асабістай сустрэчы з Езусам; час, калі ёсць магчымасць убачыць асаблівую блізкасць Бога побач з намі.
Пры гэтым ён адзначыў, што святочная мітусня і шматлікія абавязкі ў перыяд Адвэнту могуць адцягнуць увагу ад галоўнага, таму трэба заўсёды памятаць сапраўдную сутнасць Божага Нараджэння, і што самым галоўным у гэтым свяце павінна быць прысутнасць Бога.
Наступным пунктам была аплаткавая сустрэча і святочная вячэра для ўдзельнікаў адукацыйнай праграмы.
Ад імя арганізацыйнага камітэта ўсіх прысутных з Божым Нараджэнням павіншаваў куратар праекта ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. З нагоды 25-й і 40-й гадавіны манаскага жыцця падарункі з рук святара атрымалі сястра Марцэліна Мігач ISSM і сястра Аліцыя Хелізановіч ISSM.
Пасля сабраныя падзяліліся аплаткай, выказалі адзін аднаму святочныя зычэнні, заспявалі калядкі і атрымалі сімвалічныя падарункі.
Наступная сустрэча ў межах адукацыйнай праграмы для кансэкраваных асоб адбудзецца 16 студзеня.