У нядзелю 18 снежня беларускія каталіцкія скаўты даставілі Бэтлеемскае святло міру ў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр дабрачыннай місіі Добрага Самараніна ў Мінску.
Як паведамляецца на сайце дабрачыннай каталіцкай місіі Добрага Самараніна, святая Імша Чацвёртай нядзелі Адвэнту ў капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра распачалася з унясення лампады, запаленай ад агню на месцы Нараджэння Хрыста ў Бэтлееме.
Гэты агонь штогод дастаўляецца ў Аўстрыю, а адтуль скаўты перадаюць яго ў розныя краіны свету ў межах акцыі Бэтлеемскае святло міру.
Каталіцкія скаўты Беларусі даставілі агонь у Хрысціянскі сацыяльны цэнтр і перадалі ў рукі арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, які ўнёс яго ў капліцу, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.