16 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі завітаў у госці да супольнасці падрыхтоўчага курса Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Мінску, каб падзяліцца аплаткай і перадаць святочныя віншаванні.
На пачатку сустрэчы з прывітальным словам да арцыпастыра звярнуўся ксёндз Павел Эйсмант, куратар падрыхтоўчага курса. Дэкан курса Станіслаў Бервячонак распавёў пра гісторыю традыцыі дзялення аплаткай і растлумачыў, чаму вельмі важна яе падтрымліваць сёння. Пасля ксёндз Юрый Ясевіч, асабісты сакратар арцыбіскупа, прачытаў фрагмент Евангелля пра Нараджэнне Хрыста, а арцыбіскуп Станеўскі благаславіў аплаткі, якімі ўсе прысутныя дзяліліся адзін з адным.
Вігілійная аплатка з’яўляецца сімвалам яднання і даравання, знакам прыхільнасці і любові. Дзяленне ёю на пачатку вігілійнай вячэры з’яўляецца выразам жадання быць разам.
У сваім віншавальным слове Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуў увагу на важнасць паклікання і таго шляху, якім пайшлі семінарысты падрыхтоўчага курса.
Таксама да прыстуных звярнуўся ксёндз Павел Эйсмант, які адзначыў, што шлях пастухоў да Нованароджанага Езуса быў лёгкі і кароткі, а трох мудрацоў — доўгі і цяжкі. Шлях паклікання таксама для аднаго можа быць лёгкім, а для іншага — цяжкім. Важна не здавацца і ісці за голасам Хрыста да канца. Куратар пажадаў семінарыстам вытрымкі на шляху, які вядзе да Езуса, а ўсім прысутным — «радасці, бо Нарадзіўся нам Збаўца, Хрыстус, наш Пан».
Важнейшым момантам вігілійнай сустрэчы стала супольное дзяленне аплаткамі, падчас якога кожны мог асабіста выказаць іншаму віншаванні.
Апошнім пунктам стала вячэра, падчас якой выхаванцы падрыхтоўчага курса прэзентавалі святочную праграмму з разважаннем пра падзеі ў далекім Бэтлееме, чыталі вершы, спявалі калядкі. Між іншым, прагучалі творы Рыгора Барадуліна «Святая Ноч», Габрыэлі Пузыні «Аплатка», Марты Мацкевіч «Святая ноч», ксяндза Яна Твардоўскага «Нашто існуе Раство» і іншыя. Арцыпастыр, са свайго боку, прапанаваў заспяваць песню Францішка Карпіньскага «Песня пра Божае Нараджэнне» ў беларускім перакладзе з польскай мовы (арыгінальная назва: Bóg się rodzi).
У цёплай сямейнай атмасферы прайшоў вігілійны вечар, на заканчэнне якога арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў семінарыстам, выхавацелям і ўсім прысутным пастырскае благаслаўленне.