Сёлета, які і штогод, беларускія каталіцкія скаўты сустракаюць Бэтлеемскае святло міру на беларуска-польскай граніцы і дастаўляюць яго ў парафіі па ўсёй Беларусі.
Блізіцца час Божага Нараджэння, а гэта значыць, што зусім хутка ў Беларусь прыбудзе святло з Бэтлеема, запаленае ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме. Бэтлеемскі агонь прыбывае спецыяльным рэйсам у Вену, адкуль перадаецца з рук у рукі па краінах Еўропы і Паўднёвай Амерыкі.
У нашай краіне яго дастаўкай займаюцца каталіцкія скаўты — парафіяльныя групы дзяўчат і юнакоў, якія вядуць сваю дзейнасць у Гродне, Івянцы, Мінску і Полацку.
Першая акцыя Бэтлеемскага святла міру праводзілася ў 1986 годзе. Тады прадстаўнікі Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню даставілі запаленую на месцы Нараджэння Хрыста ў Бэтлееме лампаду, каб падтрымаць хворых і самотных людзей напярэданні свята Божага Нараджэння. Гэтую ініцыятыву падхапілі аўстрыйскія скаўты.
Ужо праз год перадсвяточная акцыя стала міжнароднай. На афіцыйным ўзроўні акцыю перадачы Бэтлеемска агню падтрымліваюць як кіраўнікі хрысціянскіх цэркваў Еўропы, так і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў розных краін.
Упершыню ў Мінск Бэтлеемскі агонь быў дастаўлены на Каляды 1994 года. У 1998 годзе полымя Бэтлеемскага агню было педадзена ў 22 краіны Еўропы, сярод якіх была і Беларусь. Гэтая падзея адбылася дзякуючы сябрам польскага згуртавання скаўтаў ZHP. У 2008 годзе да акцыі ўпершыню далучыліся скаўты з каталіцкіх парафіяльных супольнасцяў Беларусі.
19 снежня прадстаўнікі польскага згуртавання скаўтаў ZHP урачыста перададуць агонь з Бэтлеема ў катэдральны касцёл святога Францішка Ксавэрыя ў Гродна. Каталіцкія скаўты Беларусі эстафету перадачы агню распачынаюць ужо 15 снежня, калі агонь пройдзе праз беларуска-польскую мяжу.
У суботу 17 снежня ўвечары Бэтлеемскі агонь будзе ўнесены у архікатэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.
Дастаўка Бэтлеемскага агню па парафіях Беларусі будзе працягвацца ажно да свята Божага Нараджэння 25 снежня.