Пошук


13 снежня ксёндз Яўген Вінтоў з Мінска абараніў доктарскую дысертацыю ва ўніверсітэце Кардынала Стэфана Вышынскага (УКСВ) у Варшаве (Польшча).

Ксёндз Яўген Вінтоў прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне 24 жніўня 2019 года і належыць да духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У апошнія гады навучаўся на факультэце тэалогіі УКСВ у Варшаве.

Малады беларускі святар стаў доктарам дагматычнай тэалогіі, абараніўшы дысертацыю на тэму: «Развіццё Марыйнага культу ў Беларусі пасля 1991 года, на аснове публікацый у часопісах Рыма-Каталіцкага Касцёла».

У сваёй навуковай працы ксёндз Яўген паказвае дынамізм Касцёла ў Беларусі, які за апошнія 30 гадоў уваскрос з попелу, у які яго ператварыла шматгадовая атэістычная камуністычная ўлада былога СССР. У гэтым працэсе адраджэння Касцёла Маці Божая займала асаблівае месца, а Яе культ быў і застаецца вялікай сілай для кожнага верніка і ўсяго народа ў гэтыя цяжкія часы. Навуковым кіраўніком дысертацыі ксяндза Яўгена быў айцец прафесар Гжэгаж Бартосік OFMConv.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які далучыўся да абароны ў рэжыме відэаканферэнцыі, праз свайго дэлегата ксяндза Кірыла Бардонава, прысутнага на абароне, перадаў шчырыя віншаванні ксяндзу Яўгену Вінтову, запэўніўшы ў тым, што веды і душпастырская руплівасць ксяндза Яўгена будуць вельмі неабходнымі Касцёлу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ксёндз Яўген Вінтоў паходзіць са сталічнай парафіі святых Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл). Нарадзіўся 9 лістапада 1994 года ў Мінску. У 2011 годзе скончыў сярэднюю школу № 1 горада Мінска і паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Драгічыне-Надбужскім (Польшча), якую паспяхова скончыў у 2017 годзе. Дыяканскае пасвячэнне прыняў 24 чэрвеня таго ж года з рук Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага. 24 жніўня 2019 года прыняў святарскае пасвячэнне з рук тагачаснага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця