Пошук

12.12.2022 11:03   ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

Прапануем вашай увазе анонс апошняга ў гэтым годзе, снежаньскага нумара часопіса «Ave Maria», апублікаваны на сайце выдання ave-maria.by.

Распачынаецца ён урыўкам інтэрв’ю рэдактара часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» Крыстыны Лялько з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім «Крочыць за жывым Езусам Хрыстом…» (цалкам інтэрв’ю будзе змешчана ў № 4 часопіса «Наша вера»).

Ужо ў тых словах, якія вынесены ў загаловак і задаюць асноўны кірунак разважанням арцыбіскупа, пазначаны шлях, на якім сапраўды можна знайсці і захаваць надзею.

«Божае Нараджэнне — гэта свята, якое аб’ядноўвае і стварае атмасферу даверу», — піша ксёндз доктар Юрый Дрозд у артыкуле «З гісторыі свята Божага Нараджэння». Як становіцца зразумела з яго падрабязнага гістарычнага экскурсу, далёка не адразу ў хрысціянстве гэтае свята мела такія багатыя традыцыі, якія дазвалялі адчуць яго цёплую атмасферу. Час літургічнага святкавання, увядзенне ў хрысціянскую гісторыю постацяў трох мудрацоў, развіццё культу Дзіцяткі Езуса — гэтыя і іншыя няпростыя пытанні закранае святар у сваім артыкуле.

«Ці дазваляецца ў Касцёле сужэнства з некатолікамі?» — так называецца матэрыял ксяндза Кірыла Бардонава ў рубрыцы «Старонка касцёльнага суддзі», дзе аўтар распавядае пра тое, якія цяжкасці могуць чакаць сужэнцаў з рознай канфесійнай прыналежнасцю.

Аднак, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці, «любоў дае нам надзею, а надзея дазваляе жыць любоўю», як піша ксёндз Ян Твардоўскі ў падборцы кароткіх празаічных твораў на старонках часопіса.

Пра каштоўнасць надзеі разважаюць таксама Іна Бігель, маладыя людзі і падлеткі ў інтэрв’ю Паліны Грыб, паэтка Данута Бічэль у вершы «Надзея».

Цікавыя і змястоўныя матэрыялы прапануюць святары, якія вядуць пастаянныя рубрыкі: ксёндз Андрэй Рылка («Святар адказвае на пытанне»), ксёндз Юрый Кулай («Школа малітвы»), а таксама пастаянныя аўтары Галіна Калевіч і Віктар Ведзень.

На вокладцы часопіса чытачы знойдуць «Навэнну да Дзіцяткі Езуса» з літаніяй і малітвамі на кожны дзень навэнны

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця