Незвычайную ініцыятыву праявілі айцы езуіты, якія нясуць служэнне ў парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску: на пачатку снежня на тэрыторыі каля парафіяльнага касцёла святога Ігнацыя з’явіліся кармушкі для птушак.
Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, айцец Віктар Жук SI, пробашч парафіі святога Уладзіслава, аб’явіў конкурс кармушак для птушак, каб заахвоціць дзяцей зрабіць невялікі падарунак для нашых меншых братоў. Да дзяцей далучыліся бацькі, і ў пэўны момант удзел у конкурсе стаў сямейнай справай парафіянаў.
«Гэтая ідэя з’явілася ў мяне, калі я аднойчы заўважыў сінічку на тэрыторыі касцёла, яна шукала што з’есці, але нічога не было. Тады я падумаў, што будзе добра зрабіць у нас нешта, каб птушкі маглі жывіцца зімой, у час, калі амаль нічога на зямлі не расце», — гаворыць айцец Віктар.
Некалькі сем’яў ужо прынеслі кармушкі. Усіх удзельнікаў ініцыятывы чакаюць цікавыя ўзнагароды, хоць, як адзначаецца на сайце, і сама магчымасць зрабіць добрую справу з’яўляецца ўзнагародай.