Пошук

05.12.2022 13:44   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: Алена Бобр / Catholic.by

3 снежня, у першую суботу месяца, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася трэцяя малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-гадовага юбілею з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Тэмай гэтай малітоўнай сустрэчы стала сям’я як «хатні Касцёл» і аснова жыцця чалавека.

Гэтую сустрэчу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які з’яўляецца Старшынёй Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Іерарх прыбыў у Будслаўскі санктуарый як пілігрым з прадстаўнікамі духавенства, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі.

Актыўны ўдзел у сустрэчы бралі таксама святары і вернікі з іншых дыяцэзій Беларусі. Сярод іх было асабліва шмат удзельнікаў сямейных супольнасцяў і рухаў сужэнскай духоўнасці разам з іх душпастырамі.

На пачатку малітоўнай сустрэчы ў Будславе ўсіх сабраных пілігрымаў прывітаў ксёндз канонік Пётр Шарко, які ад імя канонікаў Мінскага катэдральнага капітулу быў адказны за правядзенне гэтага дня Вялікай юбілейнай навэнны.

Сустрэча пачалася з ружанцовага набажэнства, якое правялі ўдзельнікі малітоўнага руху Суполак Маці Божай (Equipes Notre Dame) з розных парафій Беларусі.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы перад цудадзейнай іконай Маці Божай Буслаўскай узначаліў біскуп Дзям’янка.

Звяртаючыся да вернікаў, іерарх падзякаваў усім сабраным пілігрымам за іх давер да Маці Божай і трыванне ў вернасці Богу і Касцёлу. Асаблівым чынам іерарх падзякаваў пілігрымам з самых аддаленых парафій Гомельшчыны, якія яшчэ ноччу вырушылі ў дарогу, праехалі сотні кіламетраў, каб удзельнічаць у гэтым дні Вялікай навэнны.

Гамілію падчас святой Імшы прамовіў ксёндз Андрэй Рылка, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі.

Святар засяродзіў увагу сабраных на ролі марыйнай пабожнасці ў жыцці верніка.

Ён заклікаў сабраных звярнуць увагу на прыклад духоўнага ўзрастання святых, такіх як святы Францішак Ксавэрый, чый успамін адзначаўся ў гэты дзень, святы Ян Павел ІІ ці дзеці-візіянеры з Фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай, якія імкнуліся наследаваць давер Найсвяцейшай Панны да Бога. Гэта стала для іх шляхам не толькі асабістага асвячэння, але і плённасці ў абвяшчэнні Божай любові да чалавека ў асяроддзі іх жыцця і служэння.

У другой палове сустрэчы сабраныя з вялікай увагай і цікавасцю выслухалі змястоўную духоўную канферэнцыю, падрыхтаваную айцом Пятром Фраштэнгам, кармэлітам босым, які адказвае за душпастырства сем’яў па даручэнні беларускага каталіцкага епіскапату.

Падчас канферэнцыі асаблівая ўвага сабраных была звернутая на сям’ю як «хатні Касцёл». Менавіта сям’я была паказана як першая школа веры, даверу і любові ў жыцці кожнага чалавека.

Малітоўная сустрэча завяршылася супольнай малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці. На завяршэнне сустрэчы біскуп Антоні Дзям’янка яшчэ раз падзякаваў усім сабраным за іх веру і любоў да Маці Божай Будслаўскай, нагадаў пра падрыхтоўку Пінскай дыяцэзіі да 100-й гадавіны яе заснавання. На развітанне іерарх паблагаславіў усіх сабраных пілігрымаў.

 

 

Абноўлена 05.12.2022 17:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.