Падчас візіту ў былы канцлагер «Аўшвіц-Біркенаў» 29 ліпеня Папа Францішак пакінуў запалены зніч каля «сцяны смерці» — месца, дзе нацысты расстралялі тысячы вязняў. Гэты сімвал памяці аб загінулых уручыў Святому Айцу былы вязень канцлагера Эўгеніюш Грушчынскі, родам з Віцебшчыны.
Яго сапраўднае імя — Генадзь Мураўёў, у «Аўшвіц-Біркенаў» ён трапіў у пяцігадовым узросце разам з маці. У 1945 г. немцы вывезлі яе на працу ў Германію, а сын застаўся ў лагеры. Пасля вызвалення ён быў усыноўлены польскай сям’ёй і атрымаў новае імя.
Зінаіда Мураўёва вярнулася ў Беларусь і працягвала шукаць свайго сына, але пасля шматлікіх безвыніковых спробаў палічыла, што яго няма ў жывых. Пасля заканчэння ўніверсітэта Эўгеніюш Грушчынскі сам даведаўся, што яго шукае маці, і ў 1966 г. наведаў Мінск, дзе сустрэўся з ёй.
Па гэтай гісторыі польскі рэжысёр Анджэй Андраховіч зняў фільм, які атрымаў назву «Нумар 149850», спасылаючыся на лічбы, выкалатыя на руцэ вязня нацысцкай «фабрыкі смерці».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё