Пошук

30.11.2022 11:45   Тэкст і фота: с. M. Марцэлінa Мігач ISSM / Catholic.by

28 лістапада ў рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку прайшоў Пленарны сход Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Сустрэча распачалася супольнай Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ў Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, чые родныя сёстры з’яўляюцца кансэкраванымі асобамі.

У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуўся да фрагмента Евангелля паводле святога Лукі пра аздараўленне слугі сотніка з Кафарнаўма (гл. Мц 8, 5–11), засяродзіўшы ўвагу на веры і служэнні кансэкраваных асоб. Біскуп Буткевіч адзначыў, што ў сучасным свеце яны могуць адчуваць сябе разгубленымі і расчараванымі ад таго, што не могуць даць людзям нічога новага і прывабнага.

«Аднак Хрыстус паказвае, што выбірае найменшых і, відаць, самых слабых, каб яны сваёй прастатой і глыбокай верай былі знакам для сваіх сучаснікаў і скіроўвалі іхнія сэрцы да Бога. Гэтаму стаўленню пакоры і даверу вучыць нас сотнік, які просіць Езуса вылечыць ягонага слугу», — заўважыў іерарх. Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату адзначыў, што «перыяд Адвэнту — гэта добры час, каб задумацца над сабою і каб больш рупліва паказваць людзям духоўныя каштоўнасці».

У другой частцы сустрэчы, якая насіла працоўны характар, да сабраных звярнуўся біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адказны за пастырства інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Ён прадставіў вынікі працы дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці ў супольнасці Касцёла, паказаўшы станоўчыя бакі сінадальнага шляху і патрэбу большай актыўнасці кансэкраваных асоб у гэтым працэсе.

Біскуп заўважыў, што словы «сінод» і «сінадальнасць» у нашай рэчаіснасці яшчэ не цалкам прынятыя і не такія вядомыя, у адрозненна ад некаторых аўтамабільных брэндаў. Біскуп Яшэўскі заахвоціў адгукнуцца на заклік Папы Францішка, каб людзі, адданыя Богу, з адкрытасцю і любоўю ўмацоўвалі адзінства Касцёла і пашыралі яго місію па-за межы сваіх святынь і кляштараў. Іерарх назваў «звычкі сэрца», неабходныя для ажыўлення і прыняцця справы сінадальнасці: «звычка малітвы — асабістай, у адасобленым месцы, і супольнай, а таксама звычка вернасці веры Касцёла, якую мы ведаем і якою стараемся жыць, заснаванай на адкрытасці на Духа Святога і Настаўніцтва Касцёла».

Падчас сустрэчы старшыня Каардынацыйнай групы ксёндз Анджэй Юхневіч OMI прадставіў сабраным ліст і дакумент Святога Пасаду, скіраваныя да дэлегатаў рэлігійных супольнасцяў Беларусі. Святар зачытаў ліст ад Дыкастэрыі, у якім выказваецца ўдзячнасць за працу манаскіх асоб ў мясцовым Касцёле. Удзельнікі Пленарнага сходу таксама пазнаёміліся з рэкамендацыямі і парадамі для далейшага плённага функцыянавання і дзейнасці гэтай структуры.

На сустрэчы ў Навагрудку былі агучаны планы сумесных рэлігійных сустрэч і анімавання жыцця кансэкраваных асоб на бліжэйшыя месяцы.

Асаблівая увага была скіравана на праграму Агульнабеларускага дня кансэкраванага жыцця, які адбудзецца ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 4 лютага 2023 года ў межах вялікай навэнны падрыхтоўкі да святкавання 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Запрошаны госць ксёндз канонік Ігар Лашук заахвоціў сабраных да большага клопату аб правільным кіраванні адміністрацыйнымі справамі манаскіх супольнасцяў і параіў, якім чынам упарадкаваць дакументы касцёльных аб’ектаў.

Пленарны сход завяршыўся малітвай і сардэчнымі размовамі падчас супольнага пачастунку.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця