23 лістапада Каталіцкія біскупы Беларусі скіравалі віншаванне былому Апостальскаму нунцыю ў нашай краіне арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці, якога Папа Францішак у панядзелак прызначыў Прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.
Ваша Эксцэленцыя, найдастойнейшы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці!
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і вернікі каталіцкага Касцёла нашай краіны складаюць Вам шчырыя віншаванні з нагоды прызначэння Вас Прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.
Гэтае прызначэнне напэўна не было выпадковым, паколькі багаты досвед дыпламатычнай працы ў краінах усходняга рэгіёна, пазначаных наступствамі шмагадовай атэістычнай ідэалогіі, глыбокае разуменне спецыфікі усходняй літургіі і культурнага менталітэту краін усходу з’яўляюцца тымі адпаведнымі прыладамі, якія як найлепш адпавядаюць паслузе ў такой важнай і адказнай галіне паўсюднага Касцёла, і якімі Вы ў поўнай меры валодаеце. Да таго ж Ваша працавітасць і захапленне ўсходнімі мовамі і літаратурай, культурай і традыцыямі даюць Вам шырокую магчымасць не толькі паспяхова працягваць, але і ўмацоўваць дыялог паміж Заходнім і Усходнімі Касцёламі.
Жадаем Вам, Ваша Эксцэленцыя, моцы і святла Святога Духа, а таксама няспыннай апекі і заступніцтва Багародзіцы і нябесных Апекуноў на новай адказнай пасадзе, каб духоўная лучнасць блізкіх па веры людзей спрыяла ўсталяванню супакою і міру ва ўсім сучасным свеце. Няхай Вашу любоў да паўсюднага Касцёла няспынна падтрымлівае малітва вернікаў, таксама і вернікаў Беларусі, якім у свой час Вы аказалі столькі зычлівасці, цяпла і дабрыні. Моцнага Вам здароўя і поспехаў на жніве Божага Валадарства!
Каталіцкія біскупы Беларусі
Мінск, 23 лістапада 2022 г.