29 ліпеня — пятніца, для мяне асабіста гэта апошні дзень на СДМ, бо ў 15.16 я ад'язджаю ў Варшаву, а адтуль — у Мінск. Ужо не прывітваюся, дакранаючыся да далоняў іншых, а развітваюся.
У маёй сям'і ёсць вельмі важная і абавязковая традыцыя: калі адбываецца якая-кольвек значная падзея — хрост, Першая Камунія, шлюб ці пахаванне, — то ўсе павінны быць часткай гэтай падзеі сям'і. У дадзеным выпадку еду на шлюб сваёй самай малодшай стрыечнай сястры Марыі, а з удзельнікамі СДМ у Кракаве застаюся ў лучнасці праз малітву.
У цягніку, які набліжаецца ў накірунку да Варшавы, я таксама разважаю над прыпынкамі з Крыжовага шляху, карыстаючыся спецыяльным СДМаўскім малітоўнікам.
На СДМ у Кракаве зараз двое маіх супрацоўнікаў, Ілья і Марына, якія таксама прымуць удзел у апошніх днях і назбіраюць уражанняў, як сваіх, так і іншых, стараючыся падзяліцца з усімі чытачамі нашага партала.
Ужо маім сябрам выпадзе разважаць над стацыямі Мукі Пана на Блонях, а потым чуваць усю ноч на Кампусе Міласэрнасці разам з Папам Францішкам.
Развагі пра СДМ
У гэтую ноч трэба захапіць з сабою і спальнік, і карымат на поле, дзе чакае ўдзельнікаў і ноч, і прыгожы світанак.
Памятаю, як падчас СДМ у Мадрыдзе, дзе з моладдзю ў тую ноч маліўся Папа Бэнэдыкт XVI, на палях распачалася вялікая бура і залева. Памятаю, як вецер і вада праціналі наскрозь, але мы ўсё роўна трывалі і маліліся. Гэтая залева засталася ў маёй памяці як адна з найпрыгажэйшых.
Я думаю, што Бог прыходзіць не толькі ў ціхім павеве ветру, але і ў стыхіі, якая натхняе Касцёл быць такім жа моцным у духу і Хрысце, як і бура, пасля якой усе, хто абмыты яе водамі, радуюцца з большай радасцю новаму дню. Дзякуюць за прыгожы дзень і сілы, якія Ён дае, каб вытрываць усе невыгоды і цяжкасці.
Я ўдзячная Богу за гэтыя дні, праведзеныя ў суседняй краіне, вельмі блізкай па традыцыях і мове, сярод гасцінных і добразычлівых людзей, сярод сваіх сяброў.
Хлопца ў інвалідным вазку надзейна ахоўваюць сябры. Так яны разам вяртаюцца з Блоняў сярод шматлікасці моладзі
Удзячная за атмасферу, якой я ўвесь час захаплялася ў Кракаве: лагоды і радасці — нездарма на вуліцах гэтага горада калісьці хадзілі святыя людзі. Дарэчы, іх сцежкамі прайшлася і я (найперш маю на ўвазе кракаўскія месцы, звязаныя з жыццём св. Фаўстыны Кавальскай і св. Яна Паўла ІІ, бо на спецыяльных мапках пілігрыма яны якраз былі асобна пазначаны).
Думаю, што ў Кракаве ў мяне з'явіліся нават любімыя месцы, куды мне захацелася б патрапіць неаднойчы.
Таксама думаю, у Кракаве ў мяне з'явіліся новыя мэты і імкненні, якія вельмі хацелася б рэалізаваць.
Між іншым, кс. Антоні Грэмза, галоўны каардынатар паездкі беларускай моладзі на СДМ-2016, падзяліўся, калі мы ехалі ў адным трамваі пасля катэхезы і Імшы для беларусаў, што пасля паездкі на СДМ у Кёльн у яго з'явілася ідэя заснаваць у Беларусі моладзевы рух «OPEN». Яго ідэя паспяхова рэалізавалася.
Кс. Антоні Грэмза з моладдзю ў трамваі распавядае пра заснаванне «OPEN»:
Невядома, што новага з'явіцца ў Беларусі пасля вяртання нашай моладзі з кракаўскіх СДМ… Дай Бог, каб паўстала як мага больш ініцыятыў.
Наконт сустрэчы з Папам, то магу сказаць, што мару пазнаёміцца з ім бліжэй, хоць Пантыфік і так блізкі мне і сугучны па тых словах і гаміліях, якія я чытаю амаль штодня на старонцы Ватыканскага радыё.
Я спадзяюся, што калі-небудзь змагу зазірнуць у вочы Наступніку святога Пятра, які заклікае нас, моладзь, «не здавацца і перамагаць», «марыць» і быць дарэшты адданымі Хрысту праз міласэрнасць і поўны давер.
Дзякую, веру і вяртаюся дадому, каб дзяліцца тым, што знайшла, і шукаць новага, адкрываючы каштоўнасць жыцця свайго асабістага і жыцця кожнага чалавека, якога Бог пасылае на шляху.
А таксама ў малітве па дарозе з Кракава давяраю Богу маю дарагую сястру Машу і яе будучага мужа, на шлюб якіх зараз еду, везучы радасць і адчутае адзінства СДМ. Амэн.
Пра аўтара:
Аксана Ючкавіч — філолаг, журналіст. Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ, магістр філалогіі. У камандзе Сatholic.by працуе з 2013 года.
Папярэднія матэрыялы:
- Дзённік удзельніка СДМ-2016: ад заплечніка да першых сустрэч і ўсмешак
- Дзённік удзельніка СДМ-2016: міласэрнасць чалавека да чалавека
- Дзённік удзельніка СДМ-2016: да кульмінацыі ўсё бліжэй
- Дзённік удзельніка СДМ-2016: цяпер я нашу пры сабе тры важныя рэчы — тры гімны
- Дзённік удзельніка СДМ-2016: Кракаў жыве!
- Дзённік удзельніка СДМ-2016: Блоні — што далоні Бога, на якіх радуюцца Яго дзеці
- Дзённік удзельніка СДМ-2016: дзе малітва і Эўхарыстыя — там паўната еднасці
- Дзённік удзельніка СДМ-2016: Папа на Блонях. «Не баяцца змяніць ход падзей»