Пошук

23.11.2022 11:16   Фота: Канстанцін Каральчук / Catholic.by

22 лістапада, ва ўспамін святой Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі і спеваў, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў Імшу за касцёльных музыкаў і спевакоў, а таксама за «ўсіх тых, хто спявае сэрцам».

На пачатку цэлебрацыі арцыпастыр прывітаў усіх прысутных, перадусім «тых хто ў гэты дзень дзякаваў Богу за апякунку, святую Цэцылію, а гэта арганісты і кантары, кампазітары і касцёльныя хоры, а таксама тыя, хто мае імя Цэцылія».

Гамілію арцыбіскуп Станеўскі распачаў словамі святога Аўгустына з ягонага каментара да Псальмаў: «Хваліце Пана на цытры, спявайце Яму на арфе дзеяціструннай; выкіньце ўсё старое, бо вы вывучылі новую песню».

Іерарх таксама прыгадаў, што «ўсе мы, хто спявае Пану сэрцам, сёння маем свята, бо з самых ранніх гадоў кожны чуў над сваёй калыскай спеў маці».

Узгадваючы жыццярыс святой Цэцыліі, арцыбіскуп зазначыў, што святая панна не толькі слухала словы Праўды: яна будавала сваё жыццё на скале — Хрысце.

«Калі прыйшлі выпрабаванні ў яе жыцці: арышт, люты гнеў кіраўніка, слёзы бацькоў, яна не ўпала, бо будавала сваю веру на скале — на Хрысце. Яе апошнія словы, якія перадае традыцыя, гавораць аб моцнай, непахіснай веры: „Я пакідаю дом, пабудаваны рукамі чалавека, — сказала святая панна суддзі, — каб вечна жыць у палацы майго Абранніка, Хрыста. Яна верыла, што каты не заб’юць яе, а толькі пераменяць зямную маладосць у вечную з Абраннікам Хрыстом.

Таму дзякуючы спеву душы, закаханай у Бога, Цэцылія стала апякункай касцёльных спевакоў, музыкаў, арганістаў і касцёльных хораў», — падкрэсліў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі зноў звярнуўся да святога Аўгусціна: «Не шукайце словаў, якімі б вы маглі выказаць тое, што Богу падабаецца. Бо словамі нельга выказаць таго, што спявае сэрца. А песня сэрца разносіцца па ўсёй зямлі».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.