Пошук

22.11.2022 13:39   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Людміла Казлова / Grodnensis.by

16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці — галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, у парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы (Шчучынскі дэканат) адзначылі адпуст і 25-годдзе святарства тутэйшага пробашча ксяндза Юрыя Федука.

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у галоўным алтары гістарычнай парафіяльнай святыні знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай, перад якім вернікі праз заступніцтва Марыі ўзносяць свае малітвы да Бога.

Адпустовую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На гэтай Эўхарыстыі пробашч парафіі ў Ражанцы ксёндз Юрый Фядук дзякаваў Богу за 25 гадоў святарскага жыцця.

На літургіі сабраліся шматлікія парафіяне, госці, святары са Шчучынскага дэканату і іншых месцаў.

У прамоўленай гаміліі біскуп Кашкевіч прапанаваў удзельнікам паразважаць над незвычайна багатым і глыбокім у тэалагічным сэнсе значэннем тытулу «Маці Міласэрнасці». Іерарх звярнуў увагу на тое, што Панна Марыя лепш за ўсіх у свеце ведае таямніцы Божай Міласэрнасці; ведае, колькі яна каштавала і наколькі яна вялікая.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што гэтыя незвычайна глыбокія веды Марыі пра Божую Міласэрнасць засноўваюцца на двух фактах. Па-першае, Яна сама выключным чынам спазнала міласэрнасць, будучы захаванай ад першароднага граху і адоранай паўнатой ласкі, каб стаць Маці Сына Божага. Па-другое, Марыя — Маці Міласэрнасці, бо праз Яе матчына пасрэдніцтва на свет пастаянна сыходзіць Божая Міласэрнасць у выглядзе незлічоных ласкаў і дароў.

«З’яднанне Марыі з Богам — дар не толькі для Яе, але і для нас усіх. Найсвяцейшая Маці, якая на сабе спазнала бязмернасць Божай Міласэрнасці, з’яўляецца Пасрэдніцай міласэрнасці для ўсяго свету», — дадаў біскуп.

Іерарх заахвоціў усіх прысутных уключыцца ў падзяку за дар асобы і служэння пробашча парафіі ксяндза Юрыя Федука ў яго срэбраны юбілей святарства.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў юбіляру, каб Божае благаслаўленне нястомна спадарожнічала яму на шляху святарскага служэння, a Маці Міласэрнасці штодзённа захоўвала яго ў сваёй апецы.

На заканчэнне Імшы парафіяне падзякавалі біскупу за візіт да іх і за супольную малітву. Таксама яны выказалі віншаванні свайму душпастыру, падзякаваўшы яму за адданае і ахвярнае служэнне ў парафіі.

Пробашч напрыканцы ўрачыстасці выказаў усім прысутным удзячнасць за тое, што яны далучыліся да гэтай святочнай сустрэчы, і за малітвы, якімі атулілі яго ў гэты дзень.

Ксёндз Юрый Фядук паходзіць з парафіі святога Вацлава ў Ваўкавыску.

Прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў яму 12 кастрычніка 1997 года ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне біскуп Аляксандр Кашкевіч.

З 2010 года святар з’яўляецца пробашчам парафіі святых aпосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы (Шчучынскі дэканат).

Абноўлена 22.11.2022 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа