Пошук

21.11.2022 11:08   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

17 лістапада ў будынку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання для святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, святары, якія сабраліся ў семінарыйнай капліцы, паслухалі канферэнцыю, удзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ў цэлебрацыі Эўхарыстыі.

З канферэнцыяй «Праца над сабой — фундамент святасці святара» звярнуўся да прысутных ксёндз Анджэй Шчупал CSsR, духоўны айцец святароў дыяцэзіі.

У прыватнасці, ён падкрэсліў, што кожнаму святару патрэбна пастаяннае і комплекснае ўдасканальванне свайго жыцця на ўзор Хрыста Добрага Пастыра, каб згодна з Яго воляй рэалізоўваць місію збаўлення ў Касцёле.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў у межах сустрэчы цэлебрацыю святой Імшы праз заступніцтва галоўнай Апякункі дыяцэзіі Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. Пастыр маліўся ў ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае мясцовы Касцёл.

У прамоўленай гаміліі біскуп Кашкевіч нагадаў разважанне пра Маці Міласэрнасці з энцыклікі Яна Паўла ІІ Dives in misericordia. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Марыя, якую вернікі ўшаноўваюць як Маці Міласэрнасці, вачыма веры бачачы ў Ёй Пасрэдніцу незлічоных Божых ласкаў, павінна быць асабліва дарагой і блізкай усім святарам.

«Бо кожны з нас пакліканы да таго, каб як слуга і распарадчык Божых таямніц дасягаць давераных нам людзей з дарам Божай міласэрнасці, прабачэння і ласкі», — дадаў біскуп.

Ён адзначыў, што святарам нельга быць абыякавымі да іншых людзей, нячулымі да іх цярпення, праблем і клопатаў, а таксама замыкацца ў сваім святарскім свеце і забываць пра тых, хто хацеў бы пачуць ад іх словы падбадзёрвання і суцяшэння, хто чакае іх блізкасці і разумення і каму часам патрэбна канкрэтная дапамога.

Пастыр дыяцэзіі заахвоціў святароў аказваць гэтыя блізкасць, дабрыню і чуласць асабліва ў сакрамэнце пакаяння і паяднання.

«У гэтай таямніцы сустрэчы чалавечага ўбоства з Божай Міласэрнасцю і прабачэннем мы нярэдка дакранаемся да вельмі балючых, крывавячых ран чалавечай душы. Менавіта ў сакрамэнце пакаяння нашы вернікі найбольш чакаюць ад нас спачування і чуласці, блізкасці і разумення», — сцвердзіў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Дзень засяроджання святароў завяршыўся супольным абедам і паведамленнямі дыяцэзіяльнай курыі пра падзеі, якія адбудуцца ў Гродзенскай дыяцэзіі ў бліжэйшы час.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.