Пошук

16.11.2022 11:11   Паводле: «Дэканат Іўе» / Вк

16 лістапада, ва ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, распавядаем пра цікавую гісторыю капліцы ў вёсцы Урцішкі, што на тэрыторыі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

Як паведамляецца на старонцы «Дэканат Іўе» у сацыяльнай сетцы Вк, у вёсцы Урцішкі знаходзіцца капліца ў гонар Маці Божай Вастрабрамскай. Святыня была пабудаваная 16 лістапада 1926 года, і пасвяціў яе ксёндз Нікадзім Тарасевіч, які, дарэчы, хоць і быў пробашчам івейскай парафіі з 1894 па 1912 год, але амаль праз 15 гадоў пасля пераводу на іншае месца служэння спрыяў з’яўленню ў вёсцы капліцы.

З капліцай таксама звязана цікавая легенда.

Раней на яе месцы стаяла толькі фігура Маці Божай. Але неяк сасніў жыхар з суседняй вёскі, што плача фігура, бо ненакрытая, прыскакаў на кані і расказаў свой сон.

Утрыманнем і будаўніцтвам капліцы займаюцца жыхары вёскі. За яе без малога стогадовую гісторыю тут адбываліся хросты, шлюбы і пахаванні. Жыхары Урцішак былі не толькі пабожныя, але і спеўныя. На адным з першых фестываляў калядных песень ад вёскі нават выступаў хор ветэранаў песні.

Пасля пасвячэння капліцы з івейскага касцёла былі прывезены абраз святога Станіслава Косткі (да сённяшняга дня не захаваўся) і абраз пад назвай Навучанне Марыі, які, паводле гістарычных звестак, у 1844 годзе знаходзіўся на адным з бакавых алтароў.

Таксама каля івейскага касцёла змешчаны камень з выявай Маці Божай Вастрабрамскай.

Ахвярадаўцамі гэтага помніка сталі Юзаф Бойса і Ядзвіга Юферава. Устаноўлены ён у памяць аб бабулі мецэнатаў, якая, як і многія нашыя вернікі, хадзіла пешшу маліцца ў Вільню да цудадзейнага абраза Маці Міласэрнасці.

Абноўлена 16.11.2022 11:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа