У ліпені на цвінтары пры касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі з’явіўся памятны камень з выявай Маці Божай Вастрабрамскай — галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі.
Камень-помнік з лацінскімі словамі з гімна Te deum laudamus — «Цябе, Бога, праслаўляем» быў усталяваны як падарунак парафіі ад Ядзвігі Юферавай і Юзафа Бойсы, дзяцей івейцаў Браніслава і Браніславы Халяваў. Як паведамляе сайт газеты «Iўеўскі край», першым іх падарункам гораду і людзям раней стаў гадзіннік-куранты на франтоне касцёла. Гадзіннік памяці бацькоў быў усталяваны ў гадавіну смерці маці.
Як адзначае аўтарка матэрыялу Вера Гулідава, валун-помнік ля касцёла гарманічна ўпісаўся ў ансамбль утульнага, спакойнага, намоленага месца.
Словы, якія абрамляюць помнік па перыметры, з’яўляюцца дэвізам шляхты Вялікага Княства Літоўскага: «Любі Айчыну сваю. Рабі дабро. Адказвай перад Богам».
«Нічога не змянілася за стагоддзі. Гэты дэвіз можа (ды і павінен) узяць для сябе любы чалавек сённяшняй Беларусі, таму што ў ім утрымліваюцца галоўныя хрысціянскія і чалавечыя маральныя нормы і этычныя запаветы», — лічыць Вера Гулідава.
Ахвярадаўца Юзаф Бойса распавёў Іvyenews.by, што ўсталяваны каля святыні камень мае вышыню 185 см і важыць каля пяці тон. Ікона Маці Божай Вастрабрамскай, да якой бабуля мецэнатаў, як і многія нашы вернікі, хадзіла пешшу маліцца ў Вільню, выліта з бронзы па індывідуальным заказе.