5 лістапада, у першую суботу месяца, у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбылася другая малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-гадовага юбілею з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
Паводле рашэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ад кастрычніка 2022 года да чэрвеня 2023 года ўключна, а гэта значыць на працягу дзевяці першых субот гэтых месяцаў, у Будславе адбываецца асаблівая малітва — вялікая дзевяцімесячная навэнна.
Навэнна была распачата ў першую суботу кастрычніка.
Незадоўга да гэтага пашкоджаны пажарам будслаўскі касцёл быў афіцыйна зноў уведзены ў эксплуатацыю пасля завяршэння ў ім першай чаргі неабходных рамонтна-кансервацыйных работ.
З раніцы ў Нацыянальны санктуарый прыбывалі пілігрымы з розных мясцін Беларусі, якіх вітаў пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік разам з мясцовымі вернікамі.
Сустрэча, якая праходзіла ў актаве асаблівых малітваў за памерлых, была асаблівым чынам прысвечана гэтаму адмысловаму часу і роздуму аб вечным.
З гэтай нагоды ў Будслаў прыбылі таксама ўдзельнікі Апостальства дапамогі душам чыстцовым на чале з яго духоўным кіраўніком ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком, пробашчам парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах.
У касцёле перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам удзельнікі другой малітоўнай сустрэчы маліліся Фацімскі Ружанец, а святары ў гэты час служылі ў канфесіяналах сакрамэнтам паяднання.
Апоўдні на алтары перад каранаваным цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх маліўся ў інтэнцыі памерлых, і ў прамоўленай гаміліі глыбей раскрыў духоўны сэнс такой малітвы.
Біскуп Кашкевіч заахвоціў вернікаў маліцца за душы чыстцовыя, падкрэсліўшы, што ў гэтым асаблівым чынам праяўляецца супольнасць святых.
Пасля Імшы гасцінныя будслаўскія парафіяне пачаставалі пілігрымаў цёплымі напоямі, а потым пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы (Гродзенская дыяцэзія) ксёндз Міхал Ластоўскі прамовіў тэматычную канферэнцыю, у якой прадставіў вучэнне Касцёла аб малітве за душы чыстцовыя і аб адпустах, якія можна атрымаць у дні актавы ўспаміну Усіх памерлых вернікаў.
На заканчэнне сустрэчы яе ўдзельнікі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, пасля чаго для ўсіх ахвотных быў арганізаваны адмысловы інтэрактыўны адпачынак.