Пошук


Дух еднасці і братэрства ў веры – тое, што яднае пілігрымаў з усяго свету, якія ў гэтыя дні сабраліся ў Кракаве на Сусветныя дні моладзі. Спевы, гучныя крычалкі і часам нават танцы ўдзельнікаў СДМ можна пачуць і ўбачыць ці не ў кожным кутку Кракава.

Маладыя, радасныя, шчырыя і вясёлыя — веруючыя. Такімі запомняць удзельнікаў СДМ у Кракаве. Не застаюцца ў баку і беларускія католікі.

Live з аўтобуса: 15 хвілін сведчання

З беларускай моладдзю – католікамі з Радуні, Маладзечна і Сапоцкіна – журналісты Сatholic.by сустрэліся ў гарадскім аўтобусе №482 на шляху ў цэнтр горада.

Хлопцы і дзяўчаты з Беларусі ехалі з касцёла св. Максімільяна Кольбэ, дзе праходзіла Імша для беларускіх вернікаў. Едучы разам, мы пацікавіліся ў беларусаў, чым уражваюць іх СДМ і якія ўспаміны пілігрымы прывязуць на радзіму.
 
Вікарый радуньскай парафіі кс. Павел Раманоўскі прызнаецца, што найперш ў Кракаве яго ўражвае шматлікасць культур удзельнікаў СДМ.

«Нягледзячы на розніцу ў традыцыях, усе мы апранутыя ў адзенне Божае, – адзначае святар. – Мяне вельмі крануў момант пасля Камуніі і тое, як вернікі – кожны ў сваёй паставе – перажываюць момант паяднання з Панам. Хтосьці дзякуе Пану, стоячы на каленях; іншы, склаўшы рукі на грудзях, заглыблены ў свае думкі. І якімі б рознымі ні былі – кожны роднасны для іншага. Роднасны ў Хрысце. Гэта неперадавальнае пачуццё!»

Кацярына Блашко з радуньскай парафіі тройчы прымала ўдзел у Днях моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, але, як і для кс. Паўла Раманоўскага, СДМ у Кракаве сталі першымі ў яе жыцці.

«Калі дома ты збольшага ўсіх ведаеш, то тут сабралася моладзь з усяго свету, маштаб Дзён моладзі вельмі ўражвае, – адзначае яна. – А яшчэ гэта цудоўная магчымасць камунікацыі з новымі людзьмі, а таксама магчымасць падцягнуць размоўную англійскую».

Дзяўчына прыгадвае, што, калі нядаўна іх група вярталася вечарам на начлег, моладзь з яе парафіі спявала касцёльныя песні разам з удзельнікамі СДМ іншых краін – і ўсе падпявалі адзін аднаму.

">

Выпадак, апісаны Кацярынай, паўтарыўся і гэтым разам. Папулярнае ў беларускіх пілігрымках «а-яя-яй» выдатна зразумела моладзь з Францыі, якая, чуючы прыпеў першы раз у жыцці, з энтузіязмам паўтарала за беларускімі дзяўчатамі-«запальнічкамі».

Карына Адамоніс і Аляксандра Ганевіч з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні вельмі задаволены сваім удзелам у кракаўскіх СДМ. Дзяўчаты прызнаюцца, што іх вельмі кранула гасціннасць палякаў.

«Перад тым, як прыехаць у Кракаў, моладзь нашай парафіі гасціла ў парафіі ў Зялёнцы пад Варшавай, – кажуць дзяўчаты. – Атмасфера была вельмі цёплая. Разам з намі там былі таксама вернікі з Расіі – мы ўсе сталі добрай сям’ёй».

«Людзі тут вельмі сардэчныя, – пагаджаецца і Маргарыта Конан. – Сем’і, якія прымалі нас на начлег, сталі нам другой сям’ёй».

«Цяжка было ад’язджаць з Зялёнага, – дадае Алёна Градоўская. – За гэтыя дні мы па-сапраўднаму прывязаліся адзін да аднаго – як моладзь, так і дарослыя. Гэты час запомню як плённы і вясёлы – з танцамі, песнямі і гульнямі. А таксама як час, калі можна паглыбіць сваю духоўнасць».

«Вельмі хочам пабачыць Папу Рымскага»

Моладзь з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сапоцкіне – Людміла Кавальчук, Павел Быкоўскі і Таццяна Гайлюнас – у размове з журналістам Сatholic.by прызнаюцца, што прадстаўніцтва іх парафіі на СДМ у Кракаве не такое вялікае, як магло б быць.

«Некаторыя прымаюць удзел у Міжнароднай парафіядзе, але мы не шкадуем, што прыехалі ў Кракаў – тут выдатная атмасфера: пілігрымы аб’яднаныя ў агульнай малітве», — адзначае Людміла Кавальчук.

Надзея Фіалкоўская з Маладзечна, як і яе сябры, у Кракаў прыехала ў складзе групы праз piligrymka.by, якой апякуюцца ксяндзы Юрый і Вячаслаў Баркі.

Раней дзяўчына ўжо прымала ўдзел у СДМ у Мадрыдзе і адзначае, што іх кракаўскі аналаг крыху больш арганізаваны ў плане праграмы.

«Яшчэ па вечарах тут праходзяць малітвы праслаўлення, што дапамагае суцішыцца пасля насычанага дня. Якраз гэтага ў Мадрыдзе і не хапала».

«Такія сустрэчы даюць разуменне таго, што ў сваёй веры ты не самотны, – дадае і маладзечанец Уладзіслаў Мрочка. – Людзі, якія вераць у Хрыста, ёсць ва ўсім свеце. Прабыванне ў гэтай атмасферы дадае сіл. А яшчэ вельмі хочам пабачыць Папу Рымскага».

Абноўлена 30.11.2017 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.