Пошук

22.10.2022 10:29   Фота: Канстанцін Каральчук / Catholic.by

21 кастрычніка ў Мінску ўрачыста адзначылі 25-ю гадавіну з дня рэкансэкрацыі галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі.

Срэбраны юбілей новага пасвячэння архікатэдры, якое здзейсніў першы і адзіны ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк, супаў са 108-й гадавінай з дня нараджэння гэтага вялікага Сведкі веры. З гэтай нагоды ў святыні адбылася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім пры алтары маліліся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які прамовіў гамілію.

Заслужаны беларускі іерарх быў адным з удзельнікаў той гістарычнай падзеі, якая адбылася ўжо чвэрць стагоддзя таму і стала кульмінацыяй вясны адраджэння Касцёла на Беларусі пасля дзесяцігоддзяў атэістычнай зімы бязбожнага савецкага рэжыму.

У сваім слове арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім нагадаў пра святарскі і біскупскі шлях Казіміра Свёнтка, зазначыўшы, што той ажно двойчы быў асуджаны на смерць. «Калі яго вызвалілі з лагера, то на пытанне, як так магло стацца, што ён застаўся жывым у тых нялюдскіх умовах, ён адказаў проста і даступна: „Так хацеў Бог“. У гэтых словах увесь Свёнтэк!» — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч, адзначыўшы такім чынам вялікі і непахісны давер да Бога свайго папярэдніка на Мінска-Магілёўскай катэдры. Стаўшы біскупам ўжо ў немаладым узросце, маючы 77 гадоў, адным з прыярытэтаў свайго пастырскага служэння кардынал Свёнтэк бачыў адбудову катэдры ў Мінску.

«Ён жыў гэтай ідэяй і з усіх сіл стараўся яе ажыццявіць, што было няпроста. Але Бог благаславіў, і настаў дзень 21 кастрычніка 1997 года. Я добра памятаю тую ўзнёслую ўрачыстасць, якую ўзначаліў Папскі Легат кардынал Эдмунд Казімір Шока, бацька якога паходзіў з Індурскай парафіі, што пад Гроднам, і таму ў пэўным сэнсе прадстаўнік Святога Айца адчуваў сябе нашым земляком. Цікава, што, будучы амерыканцам, ён тады прамаўляў на беларускай мове.

Рэкансэкрацыя катэдры была знакам таго, што, нягледзячы на ганенні на працягу трох пакаленняў, Касцёл не памёр і паспяхова адраджаецца. Словы Хрыста, што брамы пякельныя Касцёл не перамогуць, сталі рэальнасцю», — заўважыў арцыпастыр. Ён дадаў, што за мінулыя 25 гадоў у мінскай архікатэдры адбылося шмат падзей, змяняліся іерархі, але пры гэтым катэдра застаецца і выконвае сваю функцыю як таго месца, адкуль навучае біскуп, праз якога сам Хрыстус — адзіны Збаўца свету ўчора, сёння і ва ўсе часы — кіруе сваім народам.

«Захоўваючы ў памяці багатую і трагічную гісторыю Мінскай катэдры, мы павінны дзякаваць Богу за яе дар, за гэты помнік каталіцкай веры і яе гісторыі на нашай зямлі», — падкрэсліў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Святыня, якая сёння з’яўляецца катэдральным касцёлам, была пабудаваная на пачатку XVIII стагоддзя на Высокім рынку ў Мінску і кансэкраваная як касцёл езуітаў 16 сакавіка 1710 года. Пасля скасавання дзейнасці ордэна на тэрыторыі Расейскай імперыі, у 1773 годзе касцёл стаў парафіяльным. Пасля заснавання ў 1798 годзе Мінскай дыяцэзіі, колішні езуіцкі касцёл стаў катэдральным.

Пасля Другой сусветнай вайны знявечаная святыня са зруйнаванымі вежамі бязбожным савецкім рэжымам была ператворана ў так званы «дом фізкультуры».

9 снежня 1993 пастановаю Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь будынак катэдры ў Мінску быў вернуты законным уладальнікам — каталiцкім вернікам. 5 лютага 1994 адбылося папярэдняе благаслаўленне святыні, i на яе франтоне быў усталяваны крыж.

Са жнiўня 1994 да кастрычнiка 1997 за кошт Касцёла ў святыні вялiся рэстаўрацыйныя работы, у ходзе якіх ёй быў вернуты першапачатковы выгляд.

21 кастрычніка 1997 года адбылася рэкансэкрацыя мiнскай катэдры. Катэдральны касцёл нанава пасвяціў у свой 83-і дзень нараджэння тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця