Пошук

20.10.2022 11:11   Тэкст і фота: Марына Сінкевіч / Сatholicnews.by

16 кастрычніка ў парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія) былі ўнесены рэліквіі благаслаўлёнай сястры Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц, назарэтанак — мучаніц з Навагрудка, якія загінулі ад рук гітлераўцаў.

Як паведамляецца на сайце Сatholicnews.by, рэліквіі расстраляных нацыстамі сясцёр, якія былі абвешчаны благаслаўлёнымі, ад імя Кангрэгацыя Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта перадала глыбоцкай парафіі сястра Лаўра Шукеловіч CSFN.

Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч, ініцыятар таго, каб у парафіі з’явіліся рэліквіі мучаніц. У Глыбокім таксама ёсць некалькі сем’яў, якія належаць да Асацыяцыі Найсвяцейшай Сям’i з Назарэта і стараюцца жыць назарэтанскай духоўнасцю.

Сёстры назарэтанкі, якія працягваюць на беларускай зямлі высакародную справу благаслаўлёных законніц, расказалі пра жыццё і мучаніцкі шлях мучаніц, якія 1 жніўня 1943 года былі расстраляныя ў Батароўскім лесе каля Навагрудка.

Назарэтанкі ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на смерць, сярод якіх быў святар і бацькі сем’яў. 5 сакавіка 2000 года назарэтанкі былі беатыфікаваныя Папам Янам Паўлам ІІ на плошчы Святога Пятра ў Рыме. Рэліквіі благаслаўлёных сясцёр спачываюць у капліцы фарнага касцёла Перамянення Пана ў Навагрудку. Цяпер частку гэтых рэліквій можна ўшанаваць таксама ў касцёле ў Глыбокім, які стаў першым такім месцам на тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі.

На заканчэнне Імшы пробашч падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і падкрэсліў, што ў гэты дзень парафіяльная супольнасць у Глыбокім атрымала новых апекуноў — благаслаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка, і асабліва заклікаў маліцца за сем’і праз іх заступніцтва. Рэліквіі былі перанесены ў капліцу Маці Божай Падхорнай, дзе таксама адбылося благаслаўленне абраза, які выканала Ядзвіга Сянько з Маладзечна.

 

Абноўлена 20.10.2022 11:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.