Пошук

12.10.2022 15:39   Catholic.by

Духавенства і вернікі Мінскага рэгіёна (дэканаты Мінск-Усход і Мінск-Захад) выказваюць малітоўную салідарнасць са сталічнай парафіяй святога Сымона і святой Алены і яе пробашчам ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком у склаўшайся сітуацыі вакол зачыненага Чырвонага касцёла — месца сустрэчы чалавека з Богам, які мае важнае рэлігійнае значэнне, як для парафіяльнай супольнасці, так і ўсяго горада Мінска.

З мэтаю вырашэння справы і хутчэйшага вяртання да культавага ўжытку святыні прапануецца, па благаслаўленні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, у марыйны дзень, 13 кастрычніка, з нагоды юбілею 175-годдзя з дня нараджэння фундатара касцёла святога Сымона і святой Алены Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, ва ўсіх парафіях Мінскага рэгіёна памаліцца ў гэтай інтэнцыі Ружанец, прачытаць малітву аб беатыфікацыі слугі Божага Эдварда і, па магчымасці, цэлебраваць у гэты або бліжэйшы дзень святую Імшу паводле фармуляра «Пра Найсвяцейшую Панну Марыю, Маці Касцёла» (гл. Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, с. 1488).

Таксама, 13 кастрычніка ў 18.30 у мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, з гэтай нагоды адбудзецца ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Маці Божая Будслаўская, маліся за нас.
Святыя Сымон і Алена, маліцеся за нас.
Слуга Божы Эдвард Вайніловіч, заступайся за нас.

Біскупскі вікарый Мінскага рэгіёна
Кс. кан. д-р Ян Крэміс

Абноўлена 13.10.2022 11:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа