11 кастрычніка на сайце парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску з’явілася інфармацыя пра захады вернікаў, скіраваныя на хутчэйшае аднаўленне набажэнстваў у Чырвоным касцёле, закрытым пасля пажару, які здарыўся ў святыні ўначы 26 верасня.
Парафіяльны рэсурс Сhyrvony.by, між іншым, інфармуе, што да гэтага часу прадстаўнікі рэлігійнай супольнасці не маюць доступу ў касцёл. У гэтай сітуацыі яны перадусім скіравалі ліст на адрас КУП «Мінская спадчына», якое з’яўляецца ўласнікам будынку, перададзенага ў бязвыплатнае карыстанне парафіі ў межах «выканання распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2013 года № 190рп».
У лісце, падпісаным пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком адзначаецца, што парафія, са свайго боку, выконвала ўсе палажэнні дагавору аб бязвыпальным карыстанні і з павагай адносіцца да занепакоенасці КУП «Мінская спадчына» бяспекаю людзей і маёмасці, выказанай у лісце ад 30 верасня 2022 года № 11/5256, з патрабаваннем аб вызваленні будынку.
Разам з тым парафія звяртае ўвагу на тое, што, у адпаведнасці з пратаколам камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Адміністраці Маскоўскага раёна горада Мінска ад 26 верасня, «абавязак правядзення даследавання пашкоджаных канструкцый і прадстаўлення іх вынікаў ускладзены як на КУП „Мінская спадчына“, так і на парафію».
У лісце адзначаецца неабходнасць вызначыць памеры шкоды, нанесенай не толькі маёмасці КУП «Мінская спадчына», але і маёмасці парафіі, у прыватнасці, «абрадава-культавых рэліквій, які захоўваюцца ў будынку касцёла і ўяўляюць сабой асаблівую духоўную каштоўнасць для вернікаў».
Парафія просіць строга выконваць патрабаванні пратаколу пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях і з гэтай мэтай дапусціць упаўнаважаных прадстаўнікоў парафіі да даследавання пашкоджаных канструкцый са складаннем супольнага акту даследавання, вопісу маёмасці і вызначэння месца захавання па кожнай пазіцыі. Названы пратакол таксама патрабуе стварыць супольную камісію па вызначэнні нанесенай пажарам шкоды.
Акрамя таго, парафіяй быў скіраваны запыт у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь аб прадастаўленні інфармацыі па выніках праведзеных следчых дзеянняў.
Нарэшце, парафія скіравала адкрыты ліст на адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, у якім прадстаўляе кіраўніку дзяржавы сітуацыю і просіць яго звярнуць на яе ўвагу.
У лісце, падпісаным ад імя ўсіх вернікаў парафіі яе пробашчам ксяндзом Завальнюком, між іншым, адзначаецца, што інцыдэнт, які здарыўся ў Чырвоным касцёле 26 верасня, «з разбітаю шыбаю ў прыбудове касцёла і наступным узгараннем на нязначнай плошчы паблізу ад месца пашкоджання, з відавочнасцю з’яўляецца вынікам неправамерных дзеянняў нявысветленых асоб».
«Зыходзячы з нормаў гамадзянскага заканадаўства, дзеючага дагавора, здаровага сэнсу і ўзаемнай павагі, неабходна правядзенне комплексных дзеянняў, агляду і абследавання з удзелам карыстальніка памяшкання, г. зн. парафіі. <…>
Няўхільнае выкананне такой працэдуры, вызначанай правам, з’яўляецца абавязковым і забяспечвае як інтарэсы парафіі, так і інтарэсы дзяржавы як уласніка маёмасці», — сцвярджаецца ў лісце.
На думку вернікаў і іх душпастыра, «узгаранне, якое адбылося ў ізаляваным памяшканні, не можа і не павінна цягнуць за сабой спынення дзейнасці ўсяго аб’екту <…> Чырвонага касцёла». Парафіяне звяртаюць увагу прэзідэнта Лукашэнкі на тое, што, «насуперак патрабаванням закону», яны «да гэтага часу пазбаўлены магчымасці доступу ў касцёл». Парафіяне лічаць, што дэмантаж святых культавых рэчаў «з’яўляецца неабгрунтаванай і неадэкватнай мерай рэагавання на інцыдэнт, які здарыўся», і мяркуюць, што гэта не было ўзгоднена з кіраўніком дзяржавы.
«Рыма-Каталіцкі Касцёл мае шмятвяковы вопыт правядзення рамонтных і рэстаўрацыйных прац у святынях без закрыцця касцёла для набажэнстваў і наведвання вернікамі», — запэўніваюць прэзідэнта вернікі найбольшай сталічнай парафіі.
«Ваша спрыянне ў прававым і цывілізаваным падыходзе дазволіць нам сумесна са спецыялістамі КУП „Мінская спадчына“ не толькі агледзець давераную нам маёмасць, але і кансалідавана прыняць рашэнне аб парадку працягу набажэнстваў у касцёле і хутчэйшым аднаўленні дзейнасці рэлігійнай супольнасці», — так завяршаецца адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі.
Ліст у арыгінале даступны на партале парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску.