Пошук

30.09.2022 13:18   Catholic.by

29 верасня, у свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, парафія ў Міхалішках (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат), нябесным апекуном якой з’яўляецца святы Міхал Арханёл, адзначыла адпустовую ўрачыстасць і 400-годдзе свайго існавання.

Падвойное свята сабрала ў прыгожай парафіяльнай святыні на высокім беразе Віліі вялікую колькасць святароў, мясцовых вернікаў, гасцей, якія прынялі ўдзел у супольнай малітве. Ганаровым госцем парафіяльнага свята стаў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, якога на парозе святыні цёпла прывіталі дзеці і дарослыя.

Арцыбіскуп Кандрусевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, у прамоўленай гаміліі засяродзіўся на тым, што святы Міхал — гэта ўвасабленне пераможнай барацьбы дабра са злом.

Заслужаны іерарх заахвоціў вернікаў па прыкладзе апекуна парафіі ў Міхалішках несці святло і верна служыць Богу; памятаць, што ёсць Божыя законы, па якіх трэба жыць; не забываць пра дабро ў адносінах да бліжняга.

Арцыбіскуп таксама адзначыў, што міхалішскія парафіяне вельмі шчаслівыя, бо маюць такую прыгожую святыню з багатай гісторыяй.

За 400 гадоў існавання парафіі тут адбылося нямала розных падзей. Але галоўнае, на думку арцыпастыра, што праз гады і стагоддзі ў людскіх сэрцах захавалася моцная вера, надзея і любоў.

На заканчэнне святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам усіх удзельнікаў урачыстасці.

Пробашч міхалішскай парафіі ксёндз Анатоль Захарэўскі шчыра падзякаваў арцыбіскупу Кандрусевічу за тое, што ў чарговы раз знайшоў час завітаць у Міхалішкі, каб падзяліцца з прысутнымі словам Божым, сваёй мудрасцю і аптымізмам; а ўсім святарам і вернікам выказаў падзяку за супольную малітву.

Арцыбіскуп Кандрусевіч павіншаваў прысутных на чале з пробашчам са святам, пажадаў парафіі годна пісаць новую старонку сваёй гісторыі, а таксама выказаў спадзяванне на тое, што яшчэ не раз завітае ў Міхалішкі.

Абноўлена 30.09.2022 19:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа