Пошук

30.09.2022 06:00   Catholic.by

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка

Пастырскі ліст
з нагоды завяршэння Года Веры
у межах падрыхтоўкі да юбілею сотай гадавіны Пінскай дыяцэзіі

Да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі

«Ружанцовае <…> сузіранне аблічча Хрыста сэрцам Марыі, нашай Маці, здзейсніць, што мы яшчэ больш з’яднаемся як духоўная сям’я, і дапаможа нам пераадолець выпрабаванні».

(Папа Францішак, Ліст да ўсіх вернікаў, 25 красавіка 2020 г.)

Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!

Мы падыходзім да завяршэння Года Веры — першага ў межах трохгадовай падрыхтоўкі да стагоддзя Пінскай дыяцэзіі. «Без веры немагчыма спадабацца Богу» — навучае аўтар Паслання да Габрэяў (Гбр 11,6), заахвочваючы, каб усе нашыя намаганні і праца кіраваліся адным імкненнем: каб яны падабаліся Пану Богу. Ad maiorem Dei gloriam — «На большую хвалу Бога», — заклікаў святы Ігнацый.

Хачу шчыра падзякаваць усім духоўным і кансэкраваным асобам, свецкім вернікам, якія з адказнасцю прынялі да сэрца тыя заклікі і заахвочванні, што я кіраваў да Вас на працягу ўсяго Года Веры, які мы перажывалі ў нашай дыяцэзіі.

Асаблівым чынам дзякую святарам і парафіяльным радам за адпаведнае і годнае ўтрыманне парафіяльных святыняў, крыжоў, абразоў і іншых хрысціянскіх сімвалаў у розных кутках нашай дыяцэзіі.

У гэты восеньскі час, калі мы традыцыйна збіраемся на ружанцовую малітву, якая набліжае нас да Урачыстасці Усіх Святых і дзён асаблівага ўспаміну памерлых, хачу заахвоціць вас паклапаціцца аб могілках і месцах пахавання тых, хто, перадаўшы нам скарб веры, апярэдзіў нас у вандроўцы да неба. Заахвочваю вас да падтрымання традыцыі супольнай, па магчымасці, сямейнай малітвы за памерлых блізкіх, каб нашыя могілкі былі не толькі ўпарадкаваныя, але сталіся месцам шчырай малітвы за блізкіх памерлых. Заахвочваю звярнуць увагу на магілы святароў, дабрадзеяў, выхаваўцаў і іншых асобаў, заслужаных для кожнай паасобнай мясцовасці і Касцёла, якія асаблівым чынам прычыніліся да духоўнага развіцця і станаўлення парафіяльных супольнасцяў.

Памяць аб сведчанні веры папярэдніх пакаленняў, іх прыклад жыцця, клопат пра патрабуючых у той ці іншай мясцовасці, іх добрыя ўчынкі — усё гэта няхай перадаецца і захоўваецца ў наступных пакаленнях.

Такая памяць, малітва і апавяданні пра сведчанне веры нашых папярэднікаў можа стаць нагодай да абуджэння ў падрастаючым пакаленні пакліканняў да Божай службы ў святарстве, кансэкраваным жыцці ці адданым служэнні свецкіх вернікаў.

Калі існуе патрэба, заахвочаю аднавіць ці рэстаўраваць месцы пахавання заслужаных для Касцёла і грамадства асобаў. Таксама варта заняцца добраўпарадкаваннем магілаў тых памерлых, пра якіх забыліся іх блізкія, або няма каму ўжо паклапаціцца. Ахінем малітвай таксама ўсіх, пра каго не памятаюць іх блізкія. Пры аднаўленні могілак і памятных знакаў заахвочваю звярнуць увагу на тэкст некралогу. Нават найпрыгажэйшы верш ці кароткі ўспамін пра пахаваную ў гэтым месцы асобу ніколі не заменяць хрысціянскай малітвы. Таму варта так укладаць памятныя тэксты і так фармаваць выгляд памятных знакаў, каб яны заахвочвалі наведвальнікаў да малітвы.

У надыходзячыя на пачатку лістапада дні малітоўнага ўспаміну памерлых, кожны з нас мае магчымасць атрымаць асаблівы дар адпусту: поўнага ці частковага, які можна і варта атрымліваць і ахвяраваць за нашых спачылых. Такім чынам мы не толькі споўнім доўг удзячнасці перад нашымі роднымі, духоўнымі настаўнікамі і выхаваўцамі, але і прычынімся да выхавання маладога пакалення ў духу хрысціянскай любові, даючы ім дасканалы прыклад веры.

Асабіста я перакананы ў тым, што малітоўная памяць аб нашых памерлых братах і сёстрах — тых, хто захаваў веру і хрысціянскія традыцыі, — а таксама разважанне над прыкладам іх жыцця і сведчання веры з’яўляецца для кожнага з нас тым бясцэнным дарам, які можа шмат чаму навучыць нас і наступныя пакаленні.

Дзеці і моладзь — гэта надзея Касцёла (гл. Папа Францішак, ІХ Сусветная сустрэча сем’яў, 2018). Яны — будучыня нашай Пінскай дыяцэзіі. Менавіта таму позірк нашай веры, надзеі і любові скіраваны не толькі на тых, хто завяршыў зямны шлях, але таксама на тых, хто гэтую дарогу пачынае. Па гэтай прычыне другі год падрыхтоўкі да святкавання юбілею стагоддзя нашай дыяцэзіі, які распачнецца ў першую нядзелю Адвэнту, будзе прысвечаны хрысціянскай надзеі. Духоўная моц нашых сем’яў, парафій і ўсяго грамадства залежыць ад моцы закладзеных у фундаменце каштоўнасцяў і прынцыпаў жыцця. «Без Хрыста чалавек ніколі сябе не зразумее», — казаў святы Ян Павел ІІ (гл. Ян Павел ІІ, І Папская пілігрымка, 1979). Таму асабліва важнае значэнне мае катэхізацыя ў сям’і і ў парафіі, каб закласці адпаведны духоўны падмурак у сэрцы і розумы маладога пакалення. Заахвочваю ўсіх бацькоў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў звярнуць асаблівую ўвагу на справу катэхізацыі, наведвання дзецьмі і моладдзю заняткаў па рэлігіі ў нашых парафіях. Пры гэтым ніколі не можам забыць, што сям’я — гэта першая школа веры (гл. Ян Павел ІІ, Ліст да сем’яў, 1994 г.).

Перажываючы кастрычнік — месяц малітвы на Ружанцы, — запрашаю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі заахвоціць да гэтай малітвы як мага большае кола сваіх родных, блізкіх, знаёмых, асабліва дзяцей і моладзь.

Няхай нашая супольная малітва і сумесны клопат пра памяць аб нашых продках стане навукай веры, жыцця і ўмацоўвае ўсіх нас у надзеі на Хрыстовае збаўленне.

З пастырскім благаслаўленнем,

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 29 верасня 2022 г.

P.S. Святарам належыць абвясціць гэты ліст ва ўсіх парафіях Пінскай дыяцэзіі падчас кожнай святой Імшы ў нядзелю 2 або 9 кастрычніка 2022 г. і размясціць яго на дошцы аб’яваў перад касцёлам да канца лістапада 2022 г.

Абноўлена 30.09.2022 09:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця