Пошук

26.11.2021 23:30   pcd.by / Catholic.by

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка

ПАСТЫРСКІ ЛІСТ НА АДВЭНТ 2021 ГОДА

«Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго,
<…> каб мы атрымалі ўсынаўленне»
(Гал 4, 4–5).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Пачатак Адвэнту і новага літургічнага года з’яўляецца добрай нагодай, каб звярнуць увагу на дар часу, дадзенага нам Богам, і распачаць своечасовую падрыхтоўку да надыходзячага юбілею 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, які мы будзем адзначаць у 2025 годзе.

Як вядома, Папа Пій ХІ, які перад пачаткам свайго Пантыфікату служыў на нашых землях як Апостальскі Нунцый, клапоцячыся аб верніках і сітуацыі Касцёла ў нашым рэгіёне, пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, пажадаў даць жыхарам Палесся пастыра, якім стаў біскуп Зыгмунт Лазінскі, і ўстанавіў дыяцэзію са сталіцай у Пінску. Тэрыторыя Пінскай дыяцэзіі тады ахоплівала землі, якія дагэтуль уваходзілі ў склад Віленскай, Мінскай, Луцкай і Падляшскай дыяцэзій. Устанаўленне новай Пінскай дыяцэзіі было абвешчана ў дзень святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, якія лічацца нябеснымі заступнікамі ў складаных справах.

Гісторыя нашай дыяцэзіі з’яўляецца добрай ілюстрацыяй таго, як важна цаніць час, дадзены нам тут і цяпер.

Час — гэта Божы дар. Ён стварае прастору для рэалізацыі найлепшых шанцаў, якімі адорвае нас Пан Бог.

Пра досвед важнасці дадзеных нам жыццёвых момантаў апавядаў адзін са шпітальных капеланаў. Аднойчы яго выклікалі да жанчыны, прывезенай у бальніцу пасля аўтамабільнай аварыі, якая памерла ў яго на вачах. Яна мела на руцэ гадзіннік, які працаваў і паказваў час, але гэтага часу ў яе ўжо не было.

Умілаваныя! Распачынаючы Адвэнт, мы завяршаем пэўны этап свайго жыцця, які ўжо не вернецца.

Развітваемся з мінулым літургічным годам, каб распачаць новы. Уваходзім у Адвэнт — час усведамлення, што мы чакаем сустрэчы з Панам. Гэты час — дар, які мы не заўсёды цэнім, часам марнуем, часам нават бунтуемся супраць яго. Але нашая вера вучыць прыняць гэты Божы дар з удзячнасцю, нават калі яго не да канца разумеем. Бог дасць ласку зразумення гэтага дару, хоць яно часта прыходзіць толькі з сузіраннем перспектывы пройдзенага шляху.

У Каталіцкім Касцёле мы падыходзім да звяршэння Года святога Юзафа. Узгадваю пра гэтага святога на пачатку Адвэнту, бо менавіта яго жыццёвы шлях з’яўляецца добрым прыкладам таго, як прымаць дар часу і выклікаў, якія, здаецца, пераўзыходзяць нашыя магчымасці. Але святы Юзаф прыняў гэты дар са шчырай верай. І хоць гэтае прыняцце поўнасцю перавярнула яго жыццё, але адначасова напоўніла неверагодна глыбокім сэнсам і збаўчымі пладамі для ўсяго чалавецтва.

Святы Юзаф вучыць нас, як жыць, верачы, і як верыць, жывучы. Завяршаючы прысвечаны яму Год, мы ўваходзім у новы час.

Ён можа мець цяжкасці і выклікі, якіх не было ў нас у іншыя перыяды жыцця. Але, перажыўшы адыходзячы год са святым Юзафам, мы, напэўна, сталі больш падрыхтаванымі да сустрэчы з будучыняй. Гэты святы вучыць нас не шмат гаварыць, але шмат рабіць. Ён вучыць, як не судзіць, але любіць, верыць і давяраць. Складаныя жыццёвыя моманты патрабуюць менавіта такога падыходу. Такому простаму падыходу да няпростых жыццёвых сітуацый вучыць нас таксама Святы Айцец Францішак, паказваючы на тры простыя словы, якія з’яўляюцца ключом да зразумення і прыняцця жыцця такім, якое яно ёсць на самой справе. Гэтыя тры словы: «прашу», «дзякую» і «прабачаю». Ці ж гэта не пасланне святога Юзафа?

Жадаю кожнаму з нас на парозе новага літургічнага года яшчэ больш навучыцца цаніць дар часу і, па прыкладу святога Юзафа, з прастатой шчырай веры падыходзіць да разнастайных жыццёвых сітуацый. Жадаю ціхай засяроджанасці і дзеяння. Адважна прымаць выклікі часу і быць вернымі ў прынятых рашэннях. Няхай кожны з нас добра выкарыстае дадзены Богам час Адвэнту, каб ён перажываўся сапраўды як дар, а мы адчувалі гэтую адоранасць.

Заклікаю ўсіх вас, браты і сёстры ў Хрысце, уключыцца ў супольную духоўную падрыхтоўку да радаснага юбілею 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі.

Гэтая падрыхтоўка будзе праходзіць на працягу трох гадоў, кожны з якіх будзе мець сваю адмысловую тэму.

Першы год падрыхтоўкі — Год Веры (2021–2022). У гэтым годзе, які распачынаем адначасова з літургічным каляндаром Касцёла з першай нядзелі Адвэнту, жадаем аднавіць усе праяўленні нашай веры.

Другі год падрыхтоўкі — Год Надзеі (2022–2023). У гэтым годзе разам з пачаткам Адвэнту 2022 года пастараемся аднавіць усё, што з’яўляецца і выражае нашую надзею на Пана Бога і мацуе нашую будучыню.

Трэці год падрыхтоўкі да юбілею — Год Любові (2023–2024). У гэтым годзе, які распачнем з першай нядзелі Адвэнту 2023 года, звернем нашую ўвагу на ўсё, што з’яўляецца праяўленнем любові да Бога і бліжняга ў супольнасці вернікаў нашай дыяцэзіі — усе духоўныя і матэрыяльныя выразы гэтай любові.

У межах падрыхтоўкі нашай дыяцэзіі да годнага перажывання радаснага юбілею заклікаю ўсіх вернікаў паклапаціцца пра добраўпарадкаванне і аднаўленне святыняў, прыдарожных крыжоў і каплічак, аднаўленне хрысціянскіх сімвалаў (абразоў і крыжыкаў) у нашых дамах і месцах працы. Не менш важнай справай з’яўляецца дбанне аб тым, каб у кожным доме і ў кожнай сям’і было і выкарыстоўвалася Святое Пісанне, малітоўнікі і адпаведная рэлігійная літаратура.

Важна, каб мы імкнуліся задбаць пра кожны куток нашай дыяцэзіі, дзе вернікі дасюль яшчэ не маюць уласнай святыні, годных умоваў для развіцця свайго рэлігійнага жыцця.

Дапаможам усе разам у аднаўленні, будаўніцтве і заканчэнні адновы ў нашых святынях. Падтрымаем тыя парафіяльныя супольнасці, якім вельмі патрэбна нашае братэрскае плячо дапамогі і шчодрая рука ахвярных учынкаў міласэрнай любові, бо ведаем, што вялікія справы здзяйсняюць не багатыя, але веруючыя. Таму няхай ніхто не застанецца без увагі і падтрымкі.

На надыходзячы час Адвэнту і падрыхтоўкі нашай дыяцэзіяльнай сям’і да юбілею 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі ад усяго сэрца благаслаўляю.

✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 25 лістапада 2021 г.

P.S. Шаноўным святарам належыць абвясціць гэты Пастырскі ліст вернікам падчас кожнай св. Імшы ў нядзелю 28 лістапада і размясціць на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь перыяд Адвэнту.

Абноўлена 26.11.2021 23:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.