Пошук


24 верасня ў Баранавіцкім катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навульнага года 2022–2023.

Цэлебрацыю святой Імшы ў капліцы каледжа з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Разам з усёй супольнасцю навучэнцаў, выкладчыкаў і кіраўніцтва гэтай касцёльнай навучальнай установы, якая налічвае больш за восем дзясяткаў асоб, іерарх узнёс да Бога малітву падзякі за дар гэтай «школы веры», а таксама маліўся аб шчодрых Божых ласках і плёнах новага навучальнага года.

Біскуп Дзям’янка заклікаў усіх сабраных да ўдзячнасці Пану Богу за тое, што Ён дае магчымасць на высокім акадэмічным узроўні набываць тэалагічныя веды, станавіцца прафесійнымі катэхетамі і духоўна адукаванымі вернікамі.

«Першую», інаўгурацыйную лекцыю ў новым навучальным годзе для супольнасці Катэхетычнага каледжа прачытаў ксёндз доктар Антон Анціпенка, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, віцэ-дэкан Брэсцкага дэканату. Выклад быў прысвечаны тэме ажыццяўлення літургічных рэформаў і нормаў Другога Ватыканскага Сабору, а таксама паслясаборных прадпісанняў у практычных рэаліях нашага мясцовага Касцёла. Пасля заканчэння лекцыі супольнасць каледжа павіншавала ксяндза Анціпенку з нядаўняй паспяховай абаронай доктарскай дысертацыі па тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

Інаўгурацыйная ўрачыстасць у Катэхетычным каледжы ў Барнавічах стала момантам падвядзення вынікаў мінулага акадэмічнага года і ўручэння дыпломаў васьмі сёлетнім выпускнікам.

Акрамя таго, прадстаўнік Вучонай рады па справах Катэхетычнага каледжа ксёндз Андрэй Рылка абвясціў дэкрэт біскупа аб прызначэнні новага дырэктара каледжа. Ім стаў брат магістр Корнэль Консэк з Кангрэгацыі Божага Слова.

Уручаючы дэкрэт новаму дырэктару, біскуп Пінскі звярнуўся са словамі падзякі да ксяндза Паўла Рудзьмана, які дагэтуль кіраваў установай. Таксама дэкрэт біскупа з прызначэннем на пасаду сакратара каледжа і кіраўніка навучальнага працэса атрымала спадарыня магістр Святлана Квяткоўская. Духоўным айцом навучэнцаў каледжа прызначаны ксёндз магістр Аляксандр Вітко, пробашч парафіі Святога Юзафа ў Гарадзеі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Не менш хвалюючым момантам для супольнасці было атрыманне з рук біскупа Антонія Дзям’янкі сёлетнімі дванаццаццю першакурснікамі каледжа студэнцкіх білетаў і заліковых кніжак. Такім чынам яны афіцыйна ўвайшлі ў акадэмічную сям’ю гэтай касцёльнай навучальнай установы.

На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Пінскі паблагаславіў усіх сабраных.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.