Пошук

14.09.2022 15:05   Тэкст: Святлана Жылевіч / Фота: Ірына Гайдамовіч / Waladarka.by / Catholic.by

У нядзелю 11 верасня супольнасць руху «Маці ў малітве», якая дзейнічае пры парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе, адзначыла 20-годдзе з часу заснавання.

Як адзначаецца на сайце браслаўскага санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў Waladarka.by, у свеце гэты малітоўны рух жанчын існуе 27 гадоў, 21 год у Беларусі і ўжо 20 гадоў у Браславе.

Святая Імша аб’яднала прысутных малітвай падзякі за маці і ўдзельніц гэтага руху, якія сабраліся разам з многіх куткоў Віцебскай дыяцэзіі: Паставаў, Камаяў, Лынтупаў, Лучая, Відзаў, Глыбокага, Верхнядзвінска, Далёкіх, Шаркаўшчыны, Пагошчы і з віцебскіх парафій святой Барбары і святога Антонія.

Прысутнічала таксама каардынатар і пачынальніца дзейнасці руху ў Беларусі Людміла Губіна з Мінска.

З гэтай нагоды святую Імшу ў браслаўскім касцёле ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На пачатку гаміліі іерарх павіншаваў удзельніц руху з такой прыгожай датай.

«Малітва за дзяцей, за новае пакаленне — гэта вельмі важная справа, бо праблемы ў сем’ях, якія цяпер перажываем, з’яўляюцца наступствам часоў атэізму, бязвер’я трох пакаленняў. Таму салідарнасць, супольная малітва маці вельмі важная, як важны і ўласны прыклад жыцця», — падкрэсліў пастыр Віцебскай дыяцэзіі і кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Іерарх дадаў, што «ў Браславе маці яднаюць сваю малітву з малітвай Найсвяцейшай Панны — той, якая, хоць і была пазбаўлена праблем, выкліканых першародным грахом, але многае перажывала разам са сваім Сынам: яго пакуты, адносіны іншых».

На заканчэнне біскуп Алег Буткевіч заўважыў, што, «хоць усе мы часам з’яўляемся заблукалымі авечкамі, але разам з тым можам маліцца за іншых, што і маем рабіць».

Пасля Эўхарыстыі ўдзельніц руху чакаў абед у парафіяльным доме імя айца Францішка Ярдана. Пры стале жанчыны дзяліліся сваімі радасцямі і смуткамі, якія даводзіцца перажываць кожнай маці, і што нашмат лягчэй рабіць па прыкладу Панны Марыі, у малітве і з даверам да Бога.

 

Абноўлена 15.09.2022 21:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця