Пошук

12.09.2022 10:31   Тэкст: Аксана Ючкавіч / Фота: з архіву парафіі ў Заслаўі / Catholic.by

8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, вернікі парафіі ў Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Захад) адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

У гэты святочны дзень у сценах адроджанай святыні на чале са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Дзмітрыем Пухальскім мясцовыя парафіяне прывіталі шмат гасцей, сярод якіх быў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Радасць парафіяльнага свята прыехалі падзяліць святары з Мінска, Радашковічаў, Стоўбцаў, Маладзечна, Ракава, а таксама вернікі з гэтых і іншых парафій.

«Бараніць самае дарагое для беларусаў, як князь Ізяслаў бараніў сваю маці Рагнеду. Бараніць веру, мову і годнасць кожнага грамадзяніна Беларусі», — такімі словамі вернікі парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі віталі арцыбіскупа Станеўскага, падаючы яму хлеб і соль.

На пачатку Імшы ўдзельнікаў урачыстасці прывітаў пробашч парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, запрасіўшы арцыбіскупа Станеўскага ўзначаліць цэлебрацыю. Іерарх адзначыў, што ўпершыню знаходзіцца ў заслаўскай святыні, хоць раней ужо бываў у гэтым старадаўнім горадзе.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп з удзячнасцю ўзгадаў продкаў сённяшніх жыхароў Заслаўя, якія збудавалі тут касцёл.

Іерарх адзначыў важнасць клопату аб святыні сёння, дадаўшы, што такія месцы дапамагаюць вяртацца да свайго і адраджаць у сабе памяць і гонар за мінулае дзеля будучыні.

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп благаславіў дзежку з зернем, «каб на нашых сталах заўсёды хапала хлеба і да хлеба», як выказаўся іерарх.

Пасля Імшы адна з мясцовых парафіянак папрасіла арцыпастыра заспяваць вядомую ўкраінскую песню пра ручнік на беларускай мове. Многія вернікі ведаюць, што арцыбіскуп яе вельмі любіць, дзякуючы запісу, зробленаму ў 2019 годзе на фэсце ў Міхалішках.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выканаў просьбу, і вернікі падпявалі яму гэтыя шчымлівыя радкі, поўныя суму, але і надзеі:

«Я вярнуся ўжо: не сумуй, дарагая,
прытулі, як тады, калі йшоў я ў свет,
наталі цеплынёй, адары сына дарам спакою
і дазволь да бацькоўскага дому ўвайсці».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.