5 верасня у рэктаральным касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку адзначылі 600-ю гадавіну гістарычнай падзеі, якая адбылася на гэтым месцы, а менавіта шлюбу паміж каралём польскім, вялікім князям літоускім Уладзіславам Ягайлам і князёўнай Соф’яй Гальшанскай.
З гэтай нагоды ў старадаўняй святыні, заснаванай самім легендарным каралём, адбылася ўрачыстая цэлебрацыя святой Імшы, у якой узялі ўдзел святары з розных парафіяй і мясцін. Большасць з іх аб’ядноўвае супольнае месца паходжання — парафія Адведзінау Найсвяцейшай Марыі Панны у Мікелеўшчыне.
Святкаванне юбілейнай гадавіны распачалося экскурсам у гістарычныя падзеі таго часу, які падрыхтаваў і прадставіў прысутным ксёндз Андрэй Лішко.
Святар звярнуў увагу на цікавыя моманты жыцця, а таксама абставіны шлюбу нарачоных: 71-гадовага караля Уладзіслава Ягайлы і маладой 17-гадовай князёўны Соф’і Гальшанскай.
Сонька, якая, прыняўшы каталіцтва, атрымала імя Соф’я, была чацвёртай жонкай пажылога караля, але першай, якая нарадзіла яму трох сыноў: Уладзіслава III, Казіміра (памёр ў раннім дзяцінстве) і Казіміра IV, з якіх і распачалася каралеўская дынастыя Ягелонаў. Уладзіслаў Ягайла, як і увесь род Ягелонаў, зрабіу вялікі ўнёсак у будаўніцтва дзяржаўнасці будучай Беларусі, Польшчы і Літвы.
У прамоўленай гаміліі рэктар касцёла ксёндз Ян Балтрукевіч згадаў не толькі найбольш важныя дасягненні каралеўскай сям’і для гісторыі Каталіцкага Касцёла на нашых землях, але распавёў і аб іншых важных датах з жыцця касцёла, пра асобаў, звязаных з гэтым месцам, пра благаслаўлёных і слугах Божых, якія маліліся ў сценах гэтай святыні. Між іншым, святар успомніў слугаў Божых сястру Малгажату, сястру Ванду Банішэўскую, ксяндза Аляксандра Зянкевіча, біскупа Зыгмунта Лазінскага, грэка-каталіцкага архімандрыта Фабіяна Абрантовіча.
Тэма гістарычнай сустрэчы, што пройдзе ў Навагрудку ў наступным годзе — «Святары і манахі Навагрудчыны: вядомыя і забытыя».
Пасля заканчэння святой Імшы святары разам з вернікамі скіраваліся ў капліцу святога Міхала Арханёла, каб пры памятнай пліце ў гонар Хоцінскай бітвы разам памаліцца за ўсіх спачылых сыноў гэтай зямлі.