3 верасня ў капліцы Маці Божай Шкаплернай парафіі Божага Цела ў Мінску, служэнне ў якой нясуць айцы кармэліты босыя, адбылася ўрачыстасць першых манаскіх абяцанняў.
Брат Аляксандр Марыя ад Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Аляксандр Швэц-Маўчанаў), які паходзіць з Крошына (Пінская дыяцэзія, Баранавіцкі дэканат) пасля пачатковых перыядаў фармацыі — пастулату і навіцыяту — падчас урачыстай святой Імшы даў Богу першыя манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці ў Ордэне Братоў Босых Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль.
Усіх прысутных на пачатку святой Імшы прывітаў настаяцель кармэліцкай супольнасці ў Мінску айцец Сяргей Трысцень OCD.
Свае абяцанні брат Аляксандр склаў на рукі Рэгіянальнага настаяцеля кармэлітаў босых у Беларусі айца Пятра Фраштэнгі OCD.
Настаяцель узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі і прамовіў гамілію, звярнуўшы ў ёй асаблівую ўвагу на важнасць адпаведнай матывацыі быцця ў манаскім служэнні праз прызму руплівасці і адданасці ў вернасці Богу святога прарока Іллі.
Ва ўрачыстасці узнялі ўдзел родныя брата Аляксандра, а таксама кармэліты босыя з усіх супольнасцяў у Беларусі, члены Свецкага Ордэна кармэлітаў босых у Мінску, госці і парафіяне.
Брат Аляксандр, паводле рашэння манаскіх уладаў, на час далейшай фармацыі атрымаў канвентуальнасць і будзе служыць у супольнасці кармэлітаў босых у Мінску.