Пошук

01.09.2022 01:09   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
СЛОВА НА НОВЫ КАТЭХЕТЫЧНЫ ГОД 2022–2023
БОЖАЕ СЛОВА І КАТЕХЕЗА

«Калі я не абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо гэты абавязак ускладзены на мяне. Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16).

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія катэхеты, браты і сёстры!

Гэтыя словы святога апостала Паўла просяцца на нашыя вусны сёння, калі мы распачынаем новы катэхетычны год. Яны заклікаюць нас да абвяшчэння вечна жывога і дзейснага Божага слова (пар. Гбр 4, 12) і адначасова перасцярагаюць ад невыканання гэтага задання.

Перад унебаўшэсцем Езус Хрыстус даручыў сваім апосталам асаблівую місію: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сыны, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 19–20).

Быць хрысціянінам азначае быць паслядоўнікам Хрыста, носьбітам Яго Духа, вестуном Яго Добрай Навіны і сведкам Яго Праўды.

Як член Хрыстовага Касцёла, кожны хрысціянін пакліканы ўзрастаць у пазнанні Езуса. Моцай і дзеяннем Духа Святога ён павінен пазнаваць нашага Боскага Настаўніка і сведчыць аб Ім свету.

Выконваючы абяцанне: «Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20), Хрыстус праз Духа Святога прабывае ў сваім Касцёле ў Божым слове, сакрамэнтах, дабрачыннай і іншай дзейнасці. Кожны раз, калі мы чытаем Святое Пісанне, мы чуем слова Езуса, які настаўляе нас, выхоўвае і вядзе да ўсялякага дабра.

У Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium — «Радасць Евангелля» папа Францішак падкрэслівае складаную сувязь паміж Божым словам і перадачай веры праз катэхізацыю: «Вывучэнне Святога Пісання павінна быць даступным для ўсіх вернікаў. Вельмі важна, каб слова аб’яўлення радыкальна натхняла катэхезу і ўсе намаганні дзеля пераказу веры. Евангелізацыя патрабуе блізкасці з Божым словам, а гэта азначае, што дыяцэзіі, парафіі і ўсе каталіцкія супольнасці павінны прапанаваць сур’ёзнае і пастаяннае вывучэнне Бібліі, а таксама пашыраць яе малітоўнае чытанне, прыватнае і сумеснае» (пар. EG 175).

Чытаючы Божае слова, разважаючы над ім і молячыся з ім, мы сустракаем Хрыста, пазнаем Яго і прымаем.

Калі ў дзень Уваскрасення двое вучняў Езуса па дарозе ў Эмаўс размаўлялі паміж сабою пра падзеі, якія мелі месца ў Ерузалеме незадоўга да таго, да іх падышоў Хрыстус і тлумачыў ім Святое Пісанне (гл. Лк 24, 13–35).

Чалавек таксама мае патрэбу ў кіраўніцтве ў веры на працягу ўсяго свайго зямнога падарожжа. Касцёл прапануе розныя спосабы гэтага кіраўніцтва, асабліва праз катэхетычнае служэнне.

Мэтай катэхізацыі з’яўляецца навучанне і фармаванне хрысціянаў у веры, вядзенне іх да лучнасці з Езусам Хрыстом і Касцёлам.

Правядзенне паслядоўнай катэхізацыі дзяцей, моладзі і дарослых на працягу ўсяго жыцця — гэта істотны элемент актыўнай парафіі як месца сустрэчы з жывым Хрыстом.

Неабходна падкрэсліць, што быць вучнем Хрыста — гэта заданне, якое патрабуе ад нас актыўнасці на працягу ўсяго жыцця. Менавіта таму навучанне і перадача веры (катэхеза) — гэта не проста падрыхтоўка дзяцей да іх першай споведзі і ўрачыстай святой Камуніі, але пастаяннае і няспыннае ўзрастанне ў веры ўсіх вернікаў Хрыстовага Касцёла — дзяцей, моладзі і дарослых.

Сёння мы дзякуем Богу за ўсе добрыя і багатыя плёны, якія прынесла абвяшчэнне Хрыстовага Евангелля праз пастырскае служэнне Касцёла ў нашай краіне ў апошнія трыццаць гадоў. Дзякуем святарам, кансэкраваным асобам, катэхетам і бацькам — усім, хто адданы справе абвяшчэння Добрай Навіны і ўдзельнічае ў навучанні і перадачы веры.

Увесь Касцёл нясе адказнасць за хрысціянскую фармацыю сваіх вернікаў.

Ён, як маці, клапоціцца аб нараджэнні да новага жыцця ў Хрысце і спрыяе ўзрастанню ў веры кожнага чалавека. Увесь Касцёл пакліканы дзяліцца сваёй верай і абвяшчаць Евангелле збаўлення.

Аднак кожны член Касцёла выконвае гэтую місію згодна са сваім асаблівым пакліканнем у Касцёле. Таму неабходна, каб усе вернікі, напоўненыя радасцю сустрэчы з жывым Хрыстом і членствам у касцёльнай парафіяльнай супольнасці, жылі і дзяліліся верай ва ўваскрослага Хрыста з іншымі.

Сям’я з’яўляецца першым выхаваўцам веры маладога пакалення. Таму хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць бацькам, бабулям і дзядулям, хросным і блізкім: усім, хто перадае жывы скарб веры з пакалення ў пакаленне. На працягу трох пакаленняў ваяўнічага атэізму нашыя сем’і былі месцам адкрыцця на дзеянне Духа Святога. У іх захоўвалася і перадавалася вера ў Бога і вернасць Касцёлу.

Ва ўсе часы, незалежна ад знешніх абставін, сям’я як хатні Касцёл была, ёсць і застанецца першым месцам выхавання і перадачы веры.

Таму і сёння мы засяроджваем свой позірк і ўвагу на сям’і, каб дапамагчы ёй, а асабліва бацькам, паглыбляць уласнае духоўнае жыццё з мэтай перадаваць дар святой веры сваім дзецям і ўнукам. У гэтай важнай справе бацькоў павінны падтрымліваць хросныя, бабулі і дзядулі, блізкія, сябры і парафіяльная супольнасць.

Дарагія сем’і! Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што «сям’я з’яўляецца першай школай грамадскіх цнотаў, якіх патабуе кожнае грамадства» (GE 3). Таму выхоўвайце сваіх дзяцей у хрысціянскім духу, стварайце асаблівую атмасферу сямейнай малітвы — маліцеся ўсёй сям’ёй, разам святкуйце нядзелю і святы, прымаючы ўдзел у святой Імшы. Культывуйце хрысціянскія сямейныя традыцыі і звычаі, прывівайце дзецям хрысціянскі погляд на жыццё і развівайце ў іх пачуццё прыналежнасці да парафіяльнай супольнасці.

Паважаныя бацькі! Вы першыя настаўнікі веры для сваіх дзяцей. Вучыце іх прыкладам свайго штодзённага жыцця і словамі малітвы. Абвяшчайце ім Евангелле, чытайце Божае слова, жыццё святых і асабліва новамучанікаў, якія з’яўляюцца прыкладам веры. Пачынайце дзень з ранішняй малітвы і заканчвайце яго вячэрняй малітвай. Давайце сведчанне веры сваім жыццём.

Апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў сцвярджае, што вера ад слухання, а слуханне праз слова Хрыста (пар. Рым 10, 17). Галоўным падручнікам, з якога мы вывучаем веру, з’яўляюцца Біблія і Катэхізіс. Таму неабходна адказна ставіцца да іх як да найважнейшых кніг у кожнай сям’і.

Кожны хрысціянін павінен ясна разумець каштоўнасць пазнання Бібліі. Практыка частага, нават штодзённага, чытання Святога Пісання павінна стаць правілам кожнай хрысціянскай сям’і.

Яго трэба ўспрымаць як пастаяннае духоўнае харчаванне.

Святар ад імя біскупа з’яўляецца галоўным катэхетам і настаўнікам веры ў парафіі. Ён павінен так арганізаваць працэс хрысціянскага навучання і выхавання дзяцей, моладзі і дарослых, каб несці Божае слова і праўду веры ўсім вернікам. Абавязак святара абвяшчаць яго з руплівасцю і запалам. З гэтай мэтай неабходна ствараць групы вывучэння Бібліі ў сваіх парафіях і заахвочваць вернікаў да практыкі малітоўнага чытання Божага слова ў касцёльнай супольнасці і ў сям’ях.

Неабходна таксама старанна рыхтаваць гаміліі, грунтуючыся на Божым слове, каб яно было жывым і дзейсным (пар. Гбр 4, 12) у жыцці вернікаў.

Дзейнасць нядзельных школ павінна быць так арганізавана, каб весці дзяцей, моладзь і дарослых да спаткання з Хрыстом, умацоўваць іх веру, даваць адказы на праблемы штодзённага жыцця і натхняць на служэнне Богу і людзям.

Святар адказны за якасць катэхізацыі ў парафіі. Таму павінен паклапаціцца аб тым, каб катэхетычнае навучанне адпавядала кожнай узроставай групе — дзецям, моладзі і дарослым у іх сталым узрастанні ў веры. Разам з катэхетамі ён павінен планаваць заняткі па катэхізацыі, сустрэчы і іншыя мерапрыемствы, звяртаючы ўвагу на паступовыя і сістэматычныя аспекты навучання і выхавання ў веры.

Неабходна таксама памятаць пра абставіны і культурнае асяроддзе, у якіх адбываецца катэхізацыя. Таму трэба выкарыстоўваць новыя метады і сродкі ў працэсе хрысціянскага навучання і выхавання. Клапаціцца пра пастаянную фармацыю катэхетаў і ўсебакова падтрымліваць іх служэнне, каб парафія была месцам спаткання з жывым Хрыстом — месцам узрастання ў веры і перадачы яе наступным пакаленням.

Катэхеты з’яўляюцца надзейнымі памочнікамі святароў у катэхетычным служэнні, у місіі хрысціянскага навучання і выхавання наступных пакаленняў вернікаў. Касцёл высока цэніць і дзякуе ім за адданае і ахвярнае служэнне.

Для іх належнай падрыхтоўкі трэба выкарыстоўваць новыя магчымасці, якія даюць Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля, Тэалагічны каледж імя святога Казіміра ў Гродне і Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах.

Пакліканне катэхетаў перадаваць веру ў жывога Хрыста вынікае з радасці асабістай сустрэчы з Ім і прыналежнасці да касцёльнай парафіяльнай супольнасці. Жаданне падзяліцца гэтай радасцю з іншымі і дапамагчы ім сустрэцца з Хрыстом, з’яўляецца адказам на імкненне сучаснага чалавека, які шукае дарогі, праўды і жыцця (пар. Ян 14, 6). Дапамагайце дзецям, моладзі і дарослым сустрэць Езуса, распазнаць Яго вучэнне і сілкавацца Божым словам і Найсвяцейшай Эўхарыстыяй.

Ад імя Касцёла абуджайце, натхняйце і падтрымліваце ў верніках жаданне адкрываць Божае слова і праўды веры, каб імі жыць. Будзьце людзьмі малітвы і вядзіце да яе тых, каго выхоўваеце. Клапаціцеся пра сваю асабістую сталую фармацыю, каб лепш служыць Богу, Касцёлу і людзям і своечасова адказваць на выклікі часу. Будзьце актыўнымі і творчымі сведкамі хрысціянскага жыцця ў сваёй парафіяльнай супольнасці.

Усе парафіяне пакліканы быць настаўнікамі веры і павінны адказваць за яе перадачу. Ад добрасумленнага выканання кожным хрысціянінам гэтага абавязку залежыць развіццё парафіі, Касцёла і грамадства.

Парафіяльная супольнасць павінна клапаціцца аб духоўна-маральным развіцці кожнага свайго члена, а таксама абвяшчаць Евангелле ўсім людзям. Яна павінна быць натхненнем і матывацыяй катэхізацыі, а таксама галоўнай крыніцай яе актуалізацыі.

Маліцеся браты і сёстры, каб з нашых парафій было як мага больш святых пакліканняў да святрства, кансэкраванага жыцця і катэхетычнага служэння. Дзякуйце тым, хто абвяшчае Божае слова, вядзе іншых да сустрэчы з Хрыстом, выхоўвае і накіроўвае ў веры. Маліцеся за іх, выказвайце ім сваю ўдзячнасць і падтрымку.

Дзяліцеся радасцю сустрэчы з уваскрослым Хрыстом з іншымі і прымайце актыўны ўдзел у супольным і малітоўным жыцці парафіі. Будзьце сведкамі веры ў асабістым, сямейным, прафесійным і грамадскім жыцці. Няхай кожны ваш дзень будзе напоўнены моцнай верай, малітвай і добрымі справамі.

Найсвяцейшая Багародзіца Марыя пачула Божае слова і прыняла яго. Дзякуючы гэтаму распачаўся працэс практычнай рэалізацыі Божага плану збаўлення чалавецтва. Марыя з’яўляецца для нас узорам паслядоўніцы Хрыста. Яна вядзе да Яго іншых, каб як мага больш людзей у наш секулярны час адзначалася жаданнем бачыць Езуса (пар. Ян 12, 21), прыняць Яго і жыць у еднасці з Ім.

Няхай Божая Маці вядзе нас у місіі слухання Божага слова і ўцелаўлення яго ў нашае штодзённае жыццё, каб мы ўсё глыбей пазнавалі вучэнне Хрыста і ім жылі.

Даручаючы ўсіх вас апецы Марыі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 Мінск, 1 верасня 2022 г., Дзень ведаў

Абноўлена 01.09.2022 07:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця