Пошук

31.08.2022 09:53   Тэкст і фота: Аліна Пяценка / Catholic.by

29 жніуня ў Слоніме прайшоў 18-ы Турнір па міні-футболе памяці святога Яна Паўла ІІ, у якім узялі ўдзел дзеці і моладзь з каталіцкіх парафій з розных мясцін Беларусі.

Усяго ў спаборніцтвах сёлета паўдзельнічалі 17 каманд. Самая «далёкая» з іх прыбыла на турнір з Глыбокага (Віцебская дыяцэзія).

Турнір памяці святога Яна Паўла ІІ традыцыйна распачаўся святой Імшой.

Цэлебрацыю ў слонімскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліу ксёндз Алег Зямчонак з Віцебскай дыяцэзіі. У прамоўленай гаміліі святар адзначыў, што заўсёды трэба шукаць магчымасці дапамагчы іншаму чалавеку падняцца, як бы моцна той ні ўпаў. «Гэта датычыцца не толькі спартовых спаборніцтваў, але наогул нашага пілігрымавання ў гэтым свеце», — заўважыў ксёндз Алег.

Пасля Імшы ўдзельнікі перамясціліся на стадыён, дзе адбываліся матчы.

Гульні паўфінала і за прызавыя месцы праходзілі у бескампраміснай барацьбе; неаднойчы толькі серыя пенальці давала магчымасць вызначыць пераможцу.

Па выніках спаборніцтваў пераможцамі ў малодшай групе (8–11класы) стала каманда з парафіі Святой Сям’і з Ліды (Гродзенская дыяцэзія). Пераможцам ў старэйшай групе (ад 17-і гадоў) — каманда з парафій святога Піо і Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (Аўгустовак) з Гродна.

Лепшым гульцом турніра ў группе А быў вызначаны Максім Палубятка з парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах. Лепшы гулец у групе В — Уладзімір Казачэнка з парафіі святых Сымона і Тадэвуша з Лаздунаў (Гродзенская дыяцэзія, Івейскі дэканат).

Кожны ўдзельнік на заканчэнне турніра атрымаў памятныя падарункі ад галоўнага спонсара мерапрыемства Баляслава Івашкі.

Ксяндзу Артуру Малафею, галоўнаму арганізатару турніра, у яго падрыхтоўцы і правядзені дапамагала группа валанцёраў.

Іх намаганнямі ўдзельнікам была забяспечана камфортная і прыязная атмасфера.

Ніжэй пададзены агульныя вынікі 18-а Турніра па міні-футболе памяці святога Яна Паўла ІІ:

  • Малодшая група
    • Ліда (парафі Святой Сям’і)
    • Масты
    • Воранава
    • Германішкі
    • Гродна (Альшанка)
    • Гродна (парафія святога Піо)
    • Гродна (Дзевятоўка)
    • Гродна (Вішнявец)
    • Баранавічы (парафія Узвышэння Святога Крыжа)
  • Старэйшая група
    • Гродна (парафіі святога Піо і Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці)
    • Лаздуны
    • Гродна (Дзевятоўка)
    • Гродна (Вішнявец)
    • Баранавічы (парафіі Маці Божай Фацімскай, святога Зыгмунта, святога Яна Паула ІІ)
    • Германішкі
    • Сапоцкін
    • Глыбокае

 

Абноўлена 31.08.2022 22:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа