16 і 17 жніўня дзве сястры з Беларусі распачалі наступныя этапы манаскага жыцця ў супольнасці сясцёр святога Дамініка, жаночай законніцкай супольнасці, якая ўжо шмат гадоў дзейнічае таксама ў нашай краіне.
16 жніўня шасцёра кандыдатак у кляштары Кангрэгацыі сясцёр святога Дамініка ў Бялай Ніжнай (Польшча) пасля адпаведнай падрыхтоўкі атрымалі белы дамініканскі габіт і распачалі перыяд навіцыяту — непасрэднай падрыхтоўкі на працягу года да першых манаскіх абяцанняў.
Сярод навіцыятак — сястра Марыя Віталіна Грынявецкая, якая паходзіць з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
На наступны дзень, 17 жніўня, ва ўрачыстасць святога Яцэка, дамініканіна, прапаведніка на ўсходніх землях, яшчэ шасцёра сясцёр кангрэгацыі публічна далі свае першыя манаскія абяцанні. Сярод іх — сястра Марыя Стэфанія Гурына з парафіі святога Юзафа ў Жабінцы (Пінская дыяцэзія).
Сёстры з Кангрэгацыі сясцёр святога Дамініка, якія нясуць служэнне ў Беларусі, радуюцца за сваіх суайчынніц, што распачалі чарговыя этапы манаскага жыцця ў гэтай супольнасці, і просяць аб малітве за іх.