Пошук

17.08.2022 07:07   Тэкст: Ганна Камкова / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

15 жніўня ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве адзначылі адпустовую ўрачыстасць і юбілей 25-годдзя манаскага жыцця сясцёр Веры Гаспаровіч MSF і Вікторыі Жук MSF з кангрэгацыі Місіянерак Святой Сям’і, якія служаць пры парафіі.

Па запрашэнні адказнага за Магілёўскі рэгіён біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB святочную імшу ў старадаўняй катэдры горада на Дняпры цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзэф Станеўскі.

«Сённяшні дзень — дзень асаблівы, бо сёння не толькі ўрачыстасць Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама і 25-ая гадавіна манаскага жыцця нашых дарагіх сясцёр. І сёння мы тут, каб разам з імі дзякаваць Богу за тое, што мы людзі веры», — такімі словамі распачаў гамілію арцыбіскуп Станеўскі.

Іерарх нагадаў прысутным гісторыю ўрачыстасці Унебаўзяцця, адзначыўшы, што яе ўстанаўленне ў 1950 годзе Папам Піем XII стала замацаваннем веры Касцёла з апостальскіх часоў.

«Пій XII лічыў, што распаўсюджванне культу Марыі з’яўляецца гарантыяй пашырэння дабра ў свеце, што гэта скіруе свет на добры шлях», — зазначыў арцыпастыр.

Іерарх таксама разважаў аб таямніцы Унебаўзяцця Марыі, аб біблейскіх доказах цялеснага і духоўнага ўзнясення. Пры гэтым ён заўважыў, што «Марыя, хоць і была ўзятая на неба, і сёння знаходзіцца побач з намі».

«Марыя блізка да нас. Бог больш блізкі да нас, чым мы самі да сябе. Неба бліжэй да нас, чым часовыя справы. Марыя праз сваё Унебаўзяцце тым больш блізкая да нас», — разважаў арцыбіскуп.

Кранальным момантам падчас Імшы стала аднаўленне манаскіх абяцанняў сястрой Верай Гаспаровіч і сястрой Вікторыяй Жук. Словы, якія яны прамовілі да Бога, абяцанні, якія далі, адгукнуліся ў сэрцах кожнага з прысутных у гэты момант у касцёле.

«Удзячная за дар манаскага паклікання і за ўсе ласкі, якімі Ты ў сваёй дабрыні адарыў мяне, аднаўляю сваё духоўнае пасвячэнне і абяццаю Табе чыстасць, убоства і паслухмянасць», — з такімі словамі сёстры звярнуліся да Бога, каб і надалей у веры працягваць сваё служэнне Богу і людзям.

У гэты дзень паводле касцёльнай традыцыі адбываецца благаслаўленне зёлак, кветак і збожжа, садавіны і гародніны як падзяка Богу за новы ўраджай.

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў плады зямлі і працы чалавечых рук.

Пасля Эўхарыстыі ва ўнутраным дворыку касцёла з нагоды свята адбылося мерапрыемства, на якім парафіяне танчылі народныя танцы, спявалі песні, частаваліся смачнымі стравамі і проста размаўлялі, што дапамагло ім адчуць сябе адной вялікай сям’ёй братоў і сясцёр.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця