14 жніўня вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Старых Дарогах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат) адзначалі адпустовую урачыстаць і першую гадавіну пасвячэння касцёла.
На свята парафіяльнай супольнасці прыехалі госці з Асіповічаў, Слуцка, Салігорска і Мінска.
Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які год таму здзейсніў пасвячэнне касцёла.
У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на асобе Найсвяцейшай Панны Марыі як Той, якая заўсёды апякуецца намі на дарозе да неба.
«Марыя была заўсёды з Езусам, да канца, а фіналам Яе жыцця стала Унебаўзяцце. Цяпер Яна дапамагае нам з неба. Праз Яе заступніцтва многія людзі атрымліваюць шматлікія ласкі», — падкрэсліў біскуп, дадаўшы, што прыкладам адданасці і шчырай любові да Марыі з’яўляецца мучанік Другой сусветнай вайны святы Максімільян Марыя Кольбэ, святар францішканін, для якога Марыя была крыніцай мужнасці. Яго ўспамін адзначаецца ў Касцёле 14 жніўня.
«Святы Максімільян дабраахвотна аддаў сваё жыццё, каб уратаваць іншага чалавека ад кары смерці ў канцлагеры ў Асвенціме. Ён адыходзіў з гэтага света, паміраючы ад голаду ў карцэры, спакойна, бо ведаў, што ён пад плашчом Марыі», — адзначыў іерарх. —
Ваша парафія таксама ад самага пачатку існавання аддана пад апеку Найсвяцейшай Панне Марыі. Касцёл, які быў год таму пасвячаны, з’яўляецца Божым Домам і месцам, у якім Багародзіца атуляе вас сваім плашчом. Няхай вашая парафія ўзмацняецца Божай ласкай, а кожны чалавек, які ўваходзіць у гэтую святыню, няхай знаходзіць сваю сцяжынку да Божага Валадарства. Няхай гэты храм будзе не толькі прыгожай матэрыяльнай жамчужынкай, але перадусім жамчужынкай духоўнай, дзе сапраўды адбываецца сустрэча чалавека з Хрыстом. А Найсвяцейшая Панна Марыя, Унебаўзятая Багародзіца, якая каля Божага трону выпрошвае для нас патрэбныя ласкі, няхай заўсёды трымае нас за руку і вядзе ў напрамку збаўлення, каб усе мы калісьці сустрэліся ў Божым Валадарстве», — пажадаў усім прысутным біскуп Касабуцкі.
Напрыканцы Імшы іерарх благаславіў першыя плады сёлетняга ураджаю: садавіну, гародніну, кветкі і зёлкі — плён зямлі і працы рук парафіянаў.
Пастыр пажадаў вернікам, каб яны прыносілі духоўны плён у сваім жыцці, плён дабрыні, цярплівасці, любові.
Парафіяне са Старых Дарог і госці з іншых парафій выказалі ўдзячнасць біскупу Юрыю Касабуцкаму за прысутнасць, супольную малітву, а таксама за слова, якое ўзмацніла іх у вандраванні да Неба.