Каталіцкая моладзь з Баранавічаў, Глыбокага, Гродна, Мастоў і Слоніма брала ўдзел у спартыўным летніку, які на пачатку жніўня праходзіў у горадзе на Шчары.
Арганізатарам летніка стаў ксёндз Артур Малафей, адказны па справах спорту, дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Яму дапамагала каманда апекуноў, а спартыўную частку летніка праводзілі на прафесійным узроўні трэнеры футбольнага клуба «Слонім» і футбольнага клуба «Лакаматыў» з Гомеля.
Летнік, які сабраў юнакоў і дзяўчат з парафій Віцебскай, Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, праходзіў пры слонімскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Святая Імша ў касцёле і Вяночак да Божай Міласэрнасці былі штодзённым духоўным пасілкам для ўдзельнікаў спартыўнага летніка.
Моладзь мела магчымасць штодня паспрабаваць свае сілы ў прафесійных трэніроўках па футболе, а таксама згуляць на галоўных арэнах Слоніма, Навагрудка і Нясвіжа.
Гульня ў настольны тэніс і эстафета на тэррытрыі МНС, а таксама пляжны футбол на беразе возера дапоўнілі футбольную праграму і прынеслі ўдзельнікам шмат пазітыўных эмоцый.
У адпачнку моладзі была звернута ўвага таксама на абуджэнне гістарычнай памяці падрастаючага пакалення, чаму, безумоўна, спрыялі цікавыя і пазнавальныя экскурсіі. Юнакі і дзяўчаты наведалі першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Навагрудак, Уселюб, дзе знаходзіцца адзін з самых старадаўніх касцёлаў у Беларусі, і Нясвіж — славуты горад выбітных беларускіх арыстакратаў князёў Радзівілаў з велічным касцёлам езуітаў і ўнікальным палацава-замкавым комплексам.
На заканчэнне летніка ўсе яго удзельнікі атрымалі ў падарунак сапраўдную спартыўную экіпіроўку.
Шчырая радасць юнакоў і дзяўчат, іх усмешкі і добры настрой сталі найлепшай падзякай для арганізатараў і спонсараў цудоўнага спартыўнага летніка.