Пошук

10.08.2022 14:36   Тэкст і фота: Паліна Ручан / Catholic.by

6 жніўня, у дзень, калі Каталіцкі Касцёл адзначае свята Перамянення Пана, у парафіі у Новай Мышы (Пінская дыяцэзія, Баранавіцкі дэканат) адбыўся фэст з нагоды парафіяльнага адпусту.

Урачыстасць у парафіі Перамянення Пана распачалося са святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі.

Напачатку ксёндз Алег Сількевіч, пробашч парафіі ў Новай Мышы, прывітаў ўсіх прысутных святароў і вернікаў і павіншаваў іх са святам.

На фэст сабраліся не толькі мясцовыя парафіяне, але таксама завіталі і госці з розных мясцін, некаторыя — здалёк.

Сярод іх былі сем’і з розных куткоў нашай краіны, удзельнікі міжнародны руху Equipes Notre-Dame, якія ў гэты час бралі ўдзел у рэкалекцыях у Баранавічах. Разам з сем’ямі прыехаў і адзін з душпастыраў руху END ксёндз Алег Шпець SChr, які праводзіў сёлетнія духоўныя практыкаванні для гэтай касцёльнай супольнасці.

«Мы былі вельмі радыя паўдзельнічаць ва ўрачыстаці, убачыць не толькі вельмі прыгожы касцёл, але і жывы касцёл, бо ён быў поўны людзей. Амаль цэлую Імшу ішла споведзь. А гэта азначае, што людзі аднаўляюць сваё жаданне трываць з Хрыстом, што, безумоўна, радуе. Маё вока таксама вельмі радавала тое, што ў касцёле ўсе былі прыгожа апранутыя», — дзеліцца ўражаннямі адзін з удзельнікаў руху.

Пасля Імшы пробашч запрасіў ўсіх прысутных на канцэрт і пачастунак, які клапатліва падрыхтавалі мясцовыя вернікі.

«Гэта быў вясёлы час, мы танчылі і спявалі. Было класна! А яшчэ гэта быў час, напоўнены размовамі з рознымі людзьмі. Дзякуй парафіянам з Новай Мышы за іх гарачыя, поўныя любові сэрцы!» — падзяліўся ўражаннямі адзін з гасцей урачыстасці.

 

Абноўлена 10.08.2022 14:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа