Пошук

03.08.2022 13:31   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

31 ліпеня ў Навагрудку адбыліся галоўныя ўрачыстасці ў памяць 79-й гадавіны мучаніцкай смерці благаслаўлёнай сястры Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, з-за неспрыяльных умоваў надвор’я ўрачыстасці прайшлі не ў Батароўскім лесе каля Навагрудка, дзе былі расстраляныя законніцы, а ў навагрудскім фарным касцёле — санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі, дзе спачываюць рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак, мучаніц.

Шмат людзей прыбыло, каб ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія ахвяравалі сваё жыццё Богу, і вучыцца ў іх жыць адданай любоўю да Бога і бліжняга.

Прысутныя дзякавалі Пану за дар назарэтанак мучаніц для Касцёла на Гродзеншчыне і ва ўсёй Беларусі, праз заступніцтва благаслаўлёных прасілі Бога даць ім, іх сем’ям і супольнасцям ласку глыбокай і моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх.

Таксама маліліся за мір ва ўсім свеце, у кожным доме і сям’і, і аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась — дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.

Цэлебрацыю святой Імшы ў дыяцэзіяльным санктуарыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Як падкрэсліў іерарх на пачатку Эўхарыстыі, мучаніцтва назарэтанак з’яўляецца доказам таго, што сапраўднае дабро перамагае зло, што любоў мацнейшая за нянавісць, a жыццё заўсёды трыумфуе над смерцю.

«Няхай прыклад благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка, святасць іх жыцця і веліч іх смерці ўзбудзіць у нашых сэрцах прагненне яшчэ больш верна і ахвярна ісці за Хрыстом шляхам Евангелля, гэта значыць шляхам сапраўднай любові да Бога і бліжняга», — выказаў пажаданне біскуп Кашкевіч.

У прамоўленай гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Юрый Марціновіч адзначыў, што сёстры мучаніцы, якія аддалі жыццё за бацькаў сем’яў і адзінага ў той час у наваколлі Навагрудка святара ксяндза Аляксандра Зянкевіча, сёння слугі Божага, — гонар нашай зямлі і прыклад для сучасных хрысціянаў.

Святар падкрэсліў, што благаслаўлёныя назарэтанкі паказваюць, з якім клопатам і адказнасцю трэба ставіцца да лёсу іншых людзей, а таксама як дзяліцца любоўю з кожным, каго сустракаем.

Напрыканцы Імшы да прысутных звярнулася правінцыяльная настаяцельніца Беларускай правінцыі назарэтанак сястра Філатэя Ціхановіч CSFN, якая падзякавала ўсім за дар супольнай малітвы і заахвоціла ўзносіць просьбы да Бога праз заступніцтва навагрудскіх мучаніц.

Затым духавенства на чале з біскупам Кашкевічам скіравалася да саркафага, у якім спачываюць рэліквіі сясцёр. Перад месцам спачыну благаслаўлёных адбылася літанія, а пасля ўсе шматлікія прысутныя ўшанавалі іх рэліквіі.

«Здаецца, кожны, хто ў гэты дзень быў на малітве ў Белай Фары ў Навагрудку, выходзіў з санктуарыя з усведамленнем таго, што наша зямля — благаслаўлёная зямля, дзе пралілася кроў многіх адважных людзей, якія не выракліся Бога, не здрадзілі, а здолелі заставацца Яму вернымі да канца. A прыклад жыцця навагрудскіх мучаніц павінен стаць натхненнем для сучасных людзей у штодзённым верным спаўненні абавязкаў; у тым, каб даваць сведчанне веры словам і ўчынкам, любіць бліжняга і бескарысліва дапамагаць патрабуючым», — адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі.

 

Абноўлена 03.08.2022 13:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця