У аўторак 28 чэрвеня з Маладзечна вырушыла 30-я пілігрымка ў Нацыянальны санктуарый у Будславе.
Каля дзвюх соцень удзельнікаў на чале з братамі капуцынамі, якія нясуць служэнне ў парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, правядуць у дарозе чатыры дні і 1 ліпеня прыбудуць на ўрачыстасць у гонар Маці Божай Будслаўскай.
Перад выхадам пілігрымы разам памаліліся на святой Імшы ў касцёле святога айца Піо і атрымалі благаслаўленне ад Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.
Ва ўзнятым настроі, са спевамі і танцамі ўдзельнікі маладзечанскай пілігрымкі скіраваліся ў дарогу да Маці Божай.
У пілігрымца поплеч ідуць моладзь і сатрэйшыя асобы, браты капуцыны і браты францішкане, сёстры з кангрэгацыі Святой Сям’і, сёстры святога Дамініка і сёстры Адаратаркі Крыві Хрыста. Ахвотныя могуць далучыцца да пілігрымаў у любым месцы маршруту, які пралякгае праз Вілейку, Касцяневічы і Крывічы. У гэтых мясцовасцях запланаваныя прыпынкі на начлег. Далучыцца да пілігрымаў можна таксама па дарозе.
Арганізатары маладзечанскай пілігрымкі браты капуцыны на сёлетнім Будслаўскім фэсце таксама запрашаюць усіх у свой капуцынскі намёт, дзе можна будзе, як заўсёды, падмацавацца смачным капучына, пакаштаваць хатнюю выпечку, з’есці, як у дзяцінстве, салодкую вату, прыемна паразмаўляць, паслухаць, хто такая францішканская моладзь ФМТаў, даведацца пра капуцынскую мануфактуру літургічных рэчаў Sacris Vestіbus і проста добра правесці час у месцы, выбраным Нябеснай Матуляй.